Канстытуцыйны суд не выключае разгляду пытання, пастаўленага праваабаронцам
Баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша атрымаў 9 сакавіка адказ на свой зварот з Канстытуцыйнага Суда за подпісам першага намесніка начальніка Сакратарыята КС Селядзеўскага В.І. У лісце паведамляецца, што зварот спадара Гоўшы разгледжаны ў Сакратарыяце згодна з Законам “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”.
У сваім лісце Селядзеўскі падрабязна тлумачыць кампетэнцыі Канстытуцыйнага суда і парадак унясення прапаноў на яго разгляд, пералічваючы адпаведныя суб’екты, надзеленыя правам звароту ў КС. Пры гэтым адзначаецца, што “згодна з часткай 8 арт. 22 Кодэкса (аб судаўладкаванні і статусе суддзяў) КС мае права ўносіць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу, Савет Міністраў, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапановы аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (або) дапаўненняў, прыняцця новых нарматыўных прававых актаў. У выпадку разгляду Канстытуцыйным судом пастаўленага ў звароце пытання на падставе часткі 8 арт. 22 Кодэкса Вам будзе паведамлена аб гэтым”.
Нагадваем, што праваабаронца Сяргей Гоўша прасіў КС унесці прапанову аб дапаўненні Працэсуальна-выканаўчага кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях палажэннямі, якія б забяспечылі магчымасць вызвалення ад уплаты дзяржпошліны пры падачы скаргаў на пастановы суда.
– Спадзяюся, што Канстытуцыйны суд разгледзіць мае прапановы, бо менавіта дзяржава павінна ствараць такія ўмовы прававой абароны, якія б гарантавалі эфектыўную абарону парушаных правоў і свабод чалавека, – адзначыў Сяргей Гоўша.