Сябры “Справядлівага свету” са Жлобіна падрыхтавалі прапанову аб абнародванні раённага бюджэту
Сябры партыі левых “Справядлівы свет” (Жлобін) падрыхтавалі прапанову аб абнародванні раённага бюджэту, якую плануецца накіраваць на гэтым тыдні ў Жлобінскі райвыканкам. Пра гэта паведаміў кіраўнік раённай партыі “Справядлівы свет” Валеры Рыбчанка.
–У гэтым годзе ў Жлобіне будуць праходзіць рэспубліканскія “Дажынкі”, таму мы лічым абавязковым абнародваць дадзеныя аб сродках, якія будуць накіраваны з раённага бюджэту ў розныя сферы, – кажа Рыбчанка.
Сябры “Справядлівага свету” прапануюць апублікаваць інфармацыю ў раённай газеце “Новы дзень” альбо, калі гэта не магчыма, на сайце выдання, а таксама на афіцыйным сайце райвыканкама, які, дарэчы, не працуе ўжо больш за месяц.
–Раней, калі я быў дэпутатам, атрымаць гэтыя дадзеныя не было ніякай праблемай, – зазначае Валеры Рыбчанка. – Цяпер жа мне, як і простым грамадзянам Жлобіна і раёна, даведацца, на што ідуць дзяржаўныя сродкі з мясцовага бюджэту, амаль не ўяўляецца магчымым.
У мінулым годзе, кажа Рыбчанка, дадзеныя аб мясцовым бюджэце калі і друкаваліся, то толькі выбарачна, а таму не давалі поўнай карціны.