viasna on patreon

Віцебскія актывісты судзяцца з медыкамі за Дзень Волі

2013 2013-03-12T20:33:16+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dzen-voli-znak.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Галоўурач цэнтральнай гарадской паліклінікі адмовіўся заключыць дамовы з заяўнікамі мітынгаў, якія плануецца правесці 25 сакавіка. Кіраўнік абласной структуры руху "За свабоду" Хрыстафор Жаляпаў  вырашыў звярнуцца ў суд, каб медыкаў абавязалі падпісаць дамову. 12 сакавіка адбыліся папярэднія слуханні ў Кастрычніцкім райсудзе Віцебску.

Бакі не замірыліся і пагаднення ў судовай зале не дасягнулі. Таму далейшае разбіральніцтва суддзя Ігар Рымша прызначыў на 14 сакавіка.

На думку Хрыстафора Жаляпава, які планаваў арганізаваць мітынг у Дзень Волі, адміністрацыя  цэнтральнай паліклінікі ўхіляецца ад выканання рашэння Віцебскага гарвыканкаму №881 "Аб масавых мерапрыемствах у г.Віцебску" :

"Гарвыканкам вырашыў, што заяўнік мусіць прыкладаць да свае заяўкі яшчэ і дамовы са службамі ЖКГ, абласной управай міліцыі і цэнтральнай гарадской паліклінікай, гэта дамовы на абслугоўванне масавага мерапрыемства. Мы абавязаныя заключаць дамовы, а гэтыя арганізацыі лічаць для сябе магчымым ігнараваць рашэнне гарвыканкаму. Нам не дазваляюць мерапрыемства, калі такіх дамоваў няма. А няма іх таму, што адказныя асобы выдумляюць розныя прычыны, каб ухіліцца. Галоўурач цэнтральнай паліклінікі напісаў, прыкладам, што заключэнне дамовы немагчымае, бо лекары дужа занятыя ў сувязі з успышкай сезонных захворванняў. Гэта за месяц да мітынгу ён спрагназаваў у Віцебску эпідэмію!"

Аднак у судзе ад юрысконсульта паліклінікі прагучала іншая версія: аказваецца, дамову не заключылі таму, што на масавае мерапрыемства трэба дасылаць машыну хуткай дапамогі. І распараджаецца спецтранспартам менавіта структура хуткай дапамогі, а не паліклініка.

Тады застаецца незразумелым, чым кіраваўся гарвыканкам, прымаючы сваё рашэнне. Але прадстаўніка ўладаў у судзе не было.

Увогуле ж сутнасць рашэння №881 ужо даўно выклікае пытанні ў віцебскіх апазіцыянераў. Прыкладам, там сказана, што заключаць дамову трэба з ЖКГ, але на практыцы прыборкай вуліц горадузаймаюцца 2 іншыя структуры – "Зеленгас" і "Гарбудмост". Актывісты даведаліся пра гэта летась таксама падчас падобнага судовага працэсу.

Цяпер высветляецца, што цэнтральная гарадская паліклініка – таксама не тая ўстанова, якая мусіць забяспечыць медычнае абслугоўванне… Суддзя Ігар Рымша запатрабаваў, каб на наступнае пасяджэнне 14 сакавіка паліклініка прадставіла дакументы, хто ж урэшце рэшт мае ліцэнзію на  абслугоўванне  з выездам машын хуткай дапамогі.

Віцебскія актывісты за апошнія тры гады не змаглі правесці ніводнай акцыі: іх правы на вольнае выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі абмежавана блытаным рашэннем гарвыканкаму і адмовамі адказных структур ад супрацоўніцтва, нават праз платныя дамовы. Але ўнесці змены ў сваё рашэнне гарадскія ўлады не пагаджаюцца. Яны цвердзяць, што рашэнне гарвыканкаму №881 прайшло юрыдычную экспертызу і зарэгістравана ў рэестры прававых актаў. Значыць, там усе нібыта слушна і лагічна.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства