На Беларусі аб’яўлена пра стварэньне новага грамадзкага аб’яднаньня навукоўцаў, якія займаюцца дасьледваньнем гісторыі палітычных рэпрэсіяў
У арганізацыйны камітэт для стварэньня новага грамадзкага аб’яднаньня ўвайшлі навукоўцы, што ў асноўным дасьледуюць гісторыю палітычных рэпрэсіяў. Старшынёй аргкамітэту абралі кандыдата гістарычных навук Ніну Стужынскую, паведаміла Радыё Свабода.
Ініцыятарам стварэньня аргкамітэту Грамадзкага аб’яднаньня незалежных гісторыкаў выступіў кандыдат навук Ігар Кузьняцоў, які даўно займаецца тэмай сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі: “Неабходнасьць стварэньня такога аб’яднаньня зьявілася яшчэ ў мінулыя гады. Асабліва калі Найвышэйшая атэстацыйная камісія Беларусі пачала забараняць абарону шэрагу дысэртацыяў, такая неабходнасьць і паўстала. І многія гісторыкі Беларусі, якія дасьледавалі гісторыю палітычных рэпрэсіяў, вымушаныя былі адысьці ад гэтай тэмы. Таму сёньня паўстала неабходнасьць кансалідаваць намаганьні гісторыкаў Беларусі, каб мець магчымасьць супрацьстаяць афіцыйнай гістарычнай навуцы”.
Незалежных гісторыкаў аб’ядналі рэпрэсіі
Ідэя стварэньня Аб’яднаньня незалежных гісторыкаў паўстала падчас правядзеньня круглага стала, прысьвечанага тэме сталінскіх рэпрэсіяў.
За апошнія гады з Інстытуту гісторыі Акадэміі навук былі звольненыя такія навукоўцы, як Ніна Стужынская, Тацяна Процька, Генадзь Сагановіч, Андрэй Кіштымаў, Сяргей Тарасаў і Яўген Анішчанка.
Далучылася да аргакамітэту і Ірына Кашталян. Прэзыдыюм Найвышэйшай атэстацыйнай камісіі сёньня разглядаў яе кандыдацкую дысэртацыю на тэму “Штодзённае жыцьцё беларускага грамадзтва: 1944—1953 гады”. Гаворыць спадарыня Кашталян: “Яны са мной яшчэ ня зьвязваліся, ня маю пакуль інфармацыі. Прэзыдыюм мае права паведаміць мне пра вынікі праз тыдзень. Хутчэй за ўсё, рашэньне будзе нэгатыўнае. Мая дысэртацыя не разглядаецца з мэтадалягічнага гледзішча. Тое, што гэта першая дысэртацыя па гісторыі штодзённасьці, якая абараняецца ў нашай краіне. І гэта новы, канцэптуальны разгляд гэтага пэрыяду. Яны лічаць, што я ачарняю савецкае мінулае, якое дарагое іх сэрцу”.
За 12 гадоў ніводнай дысэртацыі па тэме рэпрэсіяў не зацьверджана
Паводле Ігара Кузьняцова, за апошнія дванаццаць гадоў Найвышэйшая атэстацыйная камісія не зацьвердзіла ніводнай дысэртацыі на тэму камуністычных рэпрэсіяў. Ірына Кашталян лічыць ініцыятыву стварэньня незалежнага аб’яднаньня гісторыкаў вельмі своечасовай і патрэбнай.
Старшыня аргкамітэту Ніна Стужынская зьбіраецца неўзабаве склікаць паседжаньне, на якім разгледзяць пытаньне скліканьня ўстаноўчага сходу аб’яднаньня.