Шэсьце на Дзень Волі дазволілі, але без сымболікі
Менгарвыканкам даў дазвол на правядзеньне мітынгу і шэсьця да Дня Волі 24 сакавіка, але зьмяніў месца збору на пляцоўку перад кінатэатрам «Кастрычнік».
Заяўнікі акцыі на Дзень Волі
Юрась Губарэвіч (рух «За свабоду»), Уладзімер Раманоўскі (АГП) і Аляксей
Янукевіч (БНФ) атрымалі дазвол Менгарвыканкаму на правядзеньне ў Менску акцыі
24 сакавіка. Аднак месца збору ўдзельнікаў гарвыканкам вызначыў іншае: пляцоўку
каля кінатэатра Кастрычнік. Раней меркавалася зьбіраць людзей каля Батанічнага
саду.
Таксама забаронена карыстацца гістарычнай сымболікай.
Юрась Губарэвіч: «Я лічу, што
Менгарвыканкам ня мог прыняць іншага рашэньня. Гэта залежыць перадусім ад
палітычнай сытуацыі ў Беларусі. І ў прыватнасьці ад спробаў кіраўніцтва
Беларусі выйсьці на кантакт з эўрапейскімі краінамі. Забарона мерапрыемства тут
выглядала б недарэчна.
Аднак, менскія ўлады зрабілі ўсё магчымае, каб абцяжарыць людзям сьвяткаваньне.
Па-першае, зьмянілі месца збору. Гэта значыць, нам трэба будзе яшчэ дадаткова
людзям тлумачыць, дзе зьбірацца. Забаранілі таксама выкарыстаньне банэраў,
транспарантаў, што таксама заўжды было прыкметай сьвята. Я думаю, што гэта
выкліча нэгатыўную рэакцыю з боку ўдзельнікаў. А таксама можа стаць фармальнай
падставай для затрыманьня і наступных адміністрацыйных працэсаў адносна
ўдзельнікаў і арганізатараў мерапрыемства».
Аляксей Янукевіч лічыць, што
рашэньне Менгарвыканкаму трэба ўспрымаць пазытыўна. А аргкамітэт знойдзе
магчымасьць упрыгожыць шэсьце так, каб з боку органаў міліцыі не было
прэтэнзій:
«У мяне ўражаньне пазытыўнае. Дазволенае месца збору – кінатэатар «Кастрычнік»
– гэта ў цэнтры, гэта зручна. Я расцэньваю гэта як пазытыўны знак. Спадзяюся,
што прадстаўнікі ўлады ня будуць рабіць перашкодаў падчас мерапрыемства. Лічу,
што ёсьць усе падставы ў жыхароў Менску і ўсёй Беларусі не зважаць на нейкія
магчымыя правакацыі, перашкоды. Акцыя будзе мірнай, і я заклікаю прыняць у ёй
удзел».
Уладзімер Раманоўскі лічыць,
што выканкам проста вынес ім «вэрдыкт». Такі спосаб камунікацыі можна
ахарактарызаваць як грамадзянскую вайну паміж уладай і грамадзтвам.
Паводле рашэньня Менгарвыканкаму шэсьце на Дзень Волі мусіць адбыцца 24
сакавіка, у нядзелю. Збор адбываецца на пляцоўцы перад будынкам кінатэатра
«Кастрычнік» (пр. Незалежнасьці, 73). Пасьля людзі будуць рухацца па праспэкце
да вуліцы Сурганава, а па ёй да парку Дружбы народаў. Там з 14 да 15.00
адбудзецца мітынг.
Гарвыканкам таксама папярэдзіў заяўнікаў акцыі, што вулічнае шэсьце не
прадугледжвае выкарыстаньне плякатаў, транспарантаў, банэраў і іншых сродкаў,
што «зьяўляецца прыкметай іншага масавага мерапрыемства -- дэманстрацыі».