У Гародні сёння судзяць за пікет аб малым памежным руху
18 сакавіка ў Кастрычніцкім раённым судзе Гародні а 10-й гадзіне прызначаны разгляд адміністрацыйнай справы сябры партыі БХД, пенсіянеркі Галіны Котавай.
Нагадаем, што 2 сакавіка гарадзенскія сябры БХД імкнуліся правесці пікет у падтрымку малога памежнага руху з краінамі-суседкамі. Заяўніца пікету пенсіянерка Галіна Котава памылкова зразумела, што пікет дазволілі правесці ў Румлёўскім парку. Калі акцыю збіраліся пачаць, з’явіліся людзі ў цывільным, якія пачалі здымаць прысутных у парку на відэа. Як сцвярджае старшыня БХД па Гарадзенскай вобласці Мікалай Баўсюк, гэтыя людзі не папярэдзілі афіцыйна, што пікет усё ж не дазволены. Калі гэта высветлілася, сябры БХД адразу разышліся, па-сутнасці пікет так і не пачаўся. Аднак, пазней на заяўніцу пікету Галіну Котаву быў складзены пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне.