Кіраўніцтва рады Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП) 13 сакавіка прыняло заяву з нагоды запланаваных уладамі зменаў у школьных праграмах па беларускай літаратуры
У заяве, адрасаванай грамадзянам краіны, настаўнікам, літаратуразнаўцам і бацькам беларускіх школьнікаў, гаворыцца пра падрыхтоўку “маштабнага “ідэалагічнага” перапісвання школьных праграм па беларускай літаратуры”.
Кіраўніцтва СПБ звяртае ўвагу на тое, што “стылістыка некаторых дакументаў сведчыць: Беларусь вяртаецца ў змрочны час, калі ап’янёныя рэвалюцыйнымі падзеямі службоўцы як вар’яты змагаліся з нацыянальнай літаратурай, у выніку чаго ў 1920–1930-я гады былі рэпрэсаваныя сотні беларускіх пісьменнікаў, а іх творы на дзесяцігоддзі забараняліся”.
Як адзначаецца ў заяве, “у наш час пасля гвалтоўнай пераробкі “Праграмы па гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя для студэнтаў філалагічнага факультэта”, распрацаванай у Белдзяржуніверсітэце ў 2003 годзе, сталічныя ідэолагі ўзяліся за праграмы школьныя”.
У заяве падкрэсліваецца, што “службоўцы Беларусі даходзяць да найвышэйшай ступені ганебнасці і фарысейства, калі ў юбілейны год нацыянальнага генія Янкі Купалы імкнуцца забараніць некаторыя яго твора, у прыватнасці – п’есу “Тутэйшыя”, забараняюць для вывучэння (а ў выніку – і апублікаванне) аповесць Васіля Быкава “Аблава”.
“У новых праграмах загадваецца абавязкова згадаць пра стварэнне Саюза пісьменнікаў Беларусі і яго ролі ў <...> развіцці (!) літаратуры”. Гэтым саюзам, створаным усяго год таму, улады маюць намер замяніць наш пісьменніцкі Саюз Купалы, Коласа, Броўкі, Танка, Караткевіча, Мележа, Быкава, Брыля, Шамякіна, Навуменкі”, – гаворыцца ў заяве.
Яго аўтары сцвярджаюць, што “толькі нацыянальная літаратура можа выхаваць сапраўдных патрыётаў нашай краіны”, бо “адзіны крытэр мастацкасці і значнасці літаратуры – не рабскае служэнне ўладзе або “апазіцыйны настрой”, а ступень любові да Радзімы і роднага слова, мастацкае ўменне гаварыць праўду свайму народу”.
Кіраўніцтва рады аб’яднання лічыць неабходным запатрабаваць афіцыйных тлумачэнняў ад службоўцаў Галоўнага ідэалагічнага кіравання Адміністрацыі прэзідэнта, Міністэрства адукацыі і Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Інфармацыю пра змены ў школьных праграмах па беларускай літаратуры нядаўна распаўсюдзілі айчынныя інтэрнэт-рэсурсы.