Магілёў: Улады не дазволілі гулянняў з нагоды 95-й гадавіны абвяшчэння БНР
Начальнік аддзела ідэалогіі Магілёўскага гарвыканкама Ала Галушка патлумачыла магілёўскім дэмакратам прычыны адмовы ў правядзенні масавых гулянняў у цэнтры горада. Аказваецца, што такія мерапрыемствы трэба ўключаць у гадавы план. Калі няма такога мерапрыемства ў плане, то ўлады нічым не могуць дапамагчы.
Старшыня каардынацыйнай Рады магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сілаў Юрый Новікаў кажа, што ігнараванне такога мерапрыемства ўладамі – праява дзікунства.
“Пра тых людзей, якія не ведаюць сваіх каранёў, кажуць, што “Іваны, якія не памятаюць радства”. Менавіта так можна ахарактарызаваць дзеянні магілёўскага гарвыканкаму. Горад прызнаны культурнай сталіцай СНД і Беларусі. Хаця бы адзін год узгадалі пра свае карані і ды на час зрабіліся культурнымі людзьмі”, - кажа Юрый Новікаў.
Лідар Магілёўскіх дэмакратаў паведаміў, што збіраецца рыхтаваць ліст у гарвыканкам, каб у наступным годзе святкаванне 96-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі было ўнесена чыноўнікамі ў гадавы план мерапрыемстваў.
Нагадаем, што 10 сакавіка трое магілёўскіх дэмакратаў Юрый Новікаў, Зміцер Салаўёў і Сяргей Фамін падалі заяўку ў Магілёўскі гарвыканкам з просьбай дазволіць гулянні ў цэнтры горада з песнямі, танцамі і чытаннем вершаў. Дэмакраты таксама хацелі, каб улады далучыліся да святкавання гэтай даты і падтрымалі ініцыятыву грамадскасці.