viasna on patreon

Пачаўся візіт у Мінск дакладчыка дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі Юстаса Палецкіса

2013 2013-03-19T11:29:09+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

З 18 па 21 сакавіка праходзіць візіт у Мінск дакладчыка дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі, намесніка кіраўніка дэлегацыі ЕП па сувязях з Беларуссю 71-гадовага Юстаса Палецкіса (Літва).


Мэта візіту — падрыхтоўка даклада аб стане спраў у адносінах паміж ЕС і Беларуссю.

У першы дзень візіту Палецкіс сустрэўся з кіраўніком прадстаўніцтва Еўрасаюза Майрай Морай, намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной, кіраўніком Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргеем Калякіным і сустаршынёй аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталем Рымашэўскім.

На 19 сакавіка запланаваны сустрэчы еўрадэпутата з пасламі краін ЕС, асобныя сустрэчы з пасламі Германіі Вальфрамам Маасам і Польшчы Лешакам Шарэпкам, часовым павераным у справах ЗША ў Беларусі Ітанам Голдрычам, памочнікам прэзідэнта па пытаннях знешняй палітыкі Валерыем Брылёвым, старшынёй Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам.

20 сакавіка Палецкіс сустрэнецца з кіраўніком Беларускага Хельсінкскага камітэта Алегам Гулакам і прадстаўніком закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцінам Стэфановічам, кіраўніком аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Аляксандрам Класкоўскім, кіраўніком аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леанідам Заікам, намеснікам міністра эканомікі Дзмітрыем Голухавым, са старшынёй каардынацыйнага камітэта Нацыянальнай  платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства Уладзімірам Мацкевічам.

У праграме на 21 сакавіка — мерапрыемствы з удзелам старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, лідара руху "За Свабоду" Аляксандра Мілінкевіча і прадстаўніка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзяніса Мельянцова.

Рымашэўскі паведаміў БелаПАН, што падчас яго гутаркі з Палецкісам размова ішла пра фармат адносінаў Еўрасаюза і Беларусі, "наколькі магчыма развіваць дыялог пры выпрацоўцы новай стратэгіі ЕС". Паводле слоў Рымашэўскага, ЕС чакае ад беларускіх уладаў не толькі слоў, але і канкрэтных крокаў па збліжэнні. Ён адзначыў, што еўрадэпутат належыць да сацыял-дэмакратаў, якія традыцыйна больш мякка ставяцца да рэжыму ў Мінску. Тым не менш на сустрэчы ў МЗС, паводле слоў беларускага палітыка, Палецкіс узняў пытанне аб палітзняволеных. "На гэта ён атрымаў адказ, што гэта не кампетэнцыя МЗС", — адзначыў Рымашэўскі.

Сустаршыня аргкамітэта БХД заявіў парламентарыю, што размаўляць з Аляксандрам Лукашэнка можна толькі з пазіцыі сілы і ЕС ні ў якім выпадку не павінен здаваць абвешчаныя раней пазіцыі: вызваленне і рэабілітацыя палітзняволеных, правядзенне свабодных выбараў і інш. "Перамовы з рэжымам патрэбны, і яны будуць, але яны павінны быць адкрытымі, каб не паўтарылася сітуацыя 19 снежня 2010 года, пасля якой Лукашэнка выказаў крыўду, што ЕС яго ашукаў", — сказаў палітык. На яго думку, кіраўніка беларускага МЗС Уладзіміра Макея не трэба выключаць са спіса неўязных у ЕС: "Нічога не зменіцца, калі агучваць пазіцыю ўладаў будзе хтосьці іншы, бо знешнюю палітыку вызначае Лукашэнка. Акрамя таго, шмат еўрапейскіх палітыкаў уключаны ў беларускі чорны спіс неўязных".

Рымашэўскі таксама заявіў Палецкісу, што галоўнай пагрозай суверэнітэту краіны з'яўляецца не магчымая скупка Расіяй айчынных прадпрыемстваў, а неканкурэнтаздольнасць усёй беларускай сістэмы — у эканоміцы, палітыцы, ваеннай і іншых сферах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства