Суд Вільнюса прызнаў незаконным забарону ўезду ў Літву Таццяне Новікавай
Акруговы адміністрацыйны суд
Вільнюса 18 сакавіка прызнаў незаконным забарону ўезду ў Літву актывістцы беларускай
Антыядзернай кампаніі Таццяне Новікавай.
Таксама суд абавязаў Дэпартамент міграцыі МЗС Літвы аплаціць судовыя выдаткі ў
памеры 3.246 літаў.
Новікава вітала рашэнне суда. "Гэта рашэнне паказвае, што ў Літве ёсць
дэмакратычныя інстытуты і яны функцыянуюць", — прыводзіць словы Новікавай
Антыядзерная кампанія. Новікава выказала надзею, што МЗС Літвы зойме больш
выразную пазіцыю адносна будаўніцтва АЭС Беларуссю на мяжы з Літвой. Яна
адзначыла, што ў Літве не былі праведзены належным чынам слуханні па
будаўніцтве беларускай АЭС і меркаванне літоўскага боку фактычна не было
ўлічана Беларуссю, хоць да гэтага абавязваюць міжнародныя прававыя нормы.
Новікава лічыць, што рашэнне аб забароне ўезду было выключна палітычным і
звязана з яе грамадскай дзейнасцю.
26 верасня мінулага года Мікалай Уласевіч і Таццяна Новікава не змаглі трапіць
у Вільнюс на канферэнцыю "Літва — Беларусь, ядзернае суседства", куды
накіроўваліся па запрашэнні літоўскага сейма. Літоўскія пагранічнікі адмовілі
ім ва ўездзе на той падставе, што Новікава і Уласевіч пагражаюць нацыянальнай
бяспецы Літвы, а Новікава — яшчэ і бяспецы іншых краін ЕС. Забарона ўезду была
часовай (тры месяцы), гэта значыць распаўсюджвалася на час падрыхтоўкі да
правядзення рэферэндуму аб будаўніцтве АЭС у Літве і некаторы час пасля
рэферэндуму. На рэферэндуме, які прайшоў 14 кастрычніка 2012 года, 62% з тых,
хто галасаваў, выказаліся супраць будаўніцтва АЭС. Новікава і Уласевіч вядомыя
як даўнія праціўнікі атамнай энергетыкі, у тым ліку праектаў па будаўніцтве АЭС
у Літве і Беларусі.
25 лютага суд прызнаў абгрунтаванай аналагічную скаргу Мікалая Уласевіча і
ануляваў рашэнне Дэпартамента міграцыі аб забароне яму ўязджаць у Літву
тэрмінам на тры месяцы. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Дэпартамент міграцыі
збіраецца абскардзіць рашэнне па скарзе Уласевіча.