Крычаўскі “Вольны горад” спрабуюць абвінаваціць у паклёпе
Рэдактара газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага і яе выдаўца Уладзіміра Кудраўцава 18 сакавіка выклікалі ў Крычаўскі РАУС для дачы тлумачэнняў. Па словах Сяргея Няроўнага, падставай для выкліку ў міліцыю паслужыла скарга аб паклёпе, якую падала ў праваахоўныя органы бухгалтар Чэрыкаўскай ПМК №280 Анжэла Сімак.
Бухгалтар лічыць, што газета “Вольны горад” узвяла паклёп на Чэрыкаўскую ПМК №280 у публікацыі «Прыгонныя» пра аплату працы ў гэтай ПМК, змешчанай у лютаўскім нумары газеты.
“Фактычна гэта справа цягнецца ўжо амаль месяц”, - кажа рэдактар “Вольнага горада” Сяргей Няроўны. – Прыкладна месяц таму мне патэлефанаваў супрацоўнік Крычаўскага РАУС маёр Дзюбанаў і запрасіў прыйсці ў міліцыю, бо прыйшоў запыт з пракуратуры Чэрыкаўскага раёна. У Чэрыкаўскую пракуратуру была пададзена скарга бухгалтарам мясцовай ПМК №280 Анжэлай Сімак, што мы ўзвялі паклёп на гэту арганізацыю, змясціўшы публікацыю “Прыгонныя”, дзе гаварылася пра тое, што адміністрацыя прадпрыемства не выплачвала тры месяцы заробкі працоўным. Я паведаміў спадару Дзюбанаву, што з задавальненнем наведаю Крычаўскі РАУС, толькі калі ён вышле мне позву ва ўстаноўленым законам парадку. Тады маёр Дзюбанаў сказаў, што ён напіша адказ у Чэрыкаўскую пракуратуру, што мы ад дачы тлумачэнняў адмовіліся.
Паўторна мяне і выдаўца газеты “Вольны горад” Уладзіміра Кудраўцава выклікалі ў Крычаўскі РАУС учора, 18 сакавіка. Уладзімірр Кудраўцаў быў запрошаны на 10-00, я – на 11-00. Супрацоўнікі міліцыі папрасілі адказаць нас на пяць пытанняў, выкладзеных у запыце ўжо з Чэрыкаўскага РАУС – ці працуе ў нас журналіст Ганна Владава і г. д. Я асабіста адмовіўся адказваць на пытанні на падставе артыкула 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, бо не палічыў дакумент “пратакол апытання” працэсуальным дакументам. Адзінае, што напісаў у гэтым пратаколе апытання, гэта тое, што газета “Вольны горад” выпускаецца ў адпаведнасці з Законам аб СМІ . Таксама адзначыў той факт, што ў 2013 годзе ніякіх тэлефанаванняў і пісьмовых зваротаў аб тым, што ў газеце “Вольны горад” змешчана нейкая недакладная інфармацыя, не было”.
Рэдактар газеты “Вольны горад” адзначае, што, калі ў арыкуле “Прыгонныя” сапраўды ўтрымлівалася нейкая недакладная інфармацыя, праблему можна б было вырашыць адразу.
“У газеце змешчаны нашы кантактныя тэлефоны. Калі б супрацоўнікі Чэрыкаўскага ПМК №280 хацелі дзейнічаць у адпаведнасці з Законам аб СМІ, яны б звярнуліся да нас з патрабаваннем апублікаваць удакладненне альбо абвяржэнне. Мы б правялі праверку і, калі б пацвердзілася, што інфармацыя недакладная, абавязкова гэта зрабілі б. Аднак Анжэла Сімак звярнулася ў Чэрыкаўскую пракуратуру. Магчыма, гэта проста падстава, каб арганізаваць ціск на незалежнае выданне за крытычныя матэрыялы ў бок чэрыкаўскіх чыноўнікаў”, - выказаў меркаванне Сяргей Няроўны.
Артыкул “Прыгонныя” быў напісаны пасля тэлефанавання ў рэдакцыю “Вольнага горада” жонкі працаўніка Чэрыкаўскай ПМК №280. Жанчына сцвярджала, што яе муж не можа атрымаць заробак ужо трэці месяц. Журналісты газеты параілі ёй звярнуцца за дапамогай у Крычаўскую межраённую інспекцыю па ахове працы.