Актывісты дэмакратычнага руху сёньня адзначаюць Дзень салідарнасьці з сем’ямі зьніклых і палітвязьняў.
Гэтым разам яны будуць запальваць сьвечкі, расклейваць партрэты палітвязьняў і зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага на вуліцах гарадоў. Акцыю салідарнасьці ў Беларусі і за мяжой у розных фарматах ладзяць штомесяц 16 чысла ад кастрычніка 2005 году, паведамляе Радыё Свабода.
Моладзь адмовілася ад правядзеньня масавай вулічнай акцыі, каб пазьбегнуць затрыманьняў і арыштаў напярэдадні Дня Волі. Але актывісты моладзевага дэмакратычнага руху вырашылі адзначыць Дзень салідарнасьці. Раней
Акцыі салідарнасьці адбываліся ў фармаце жывых ланцугоў, альбо абмяжоўваліся вывешваньем расьцяжак ці запальваньнем сьвечак перад партрэтамі зьніклых і палітвязьняў. Сёньня ўдзельнікі акцыі пашыраюць сьпіс асобаў, на знак салідарнасьці зь якімі адбываюцца мерапрыемствы 16-га чысла.
Гаворыць старшыня арганізацыі “Моладзь БНФ” Алесь Каліта:
“Гэта й Дзень салідарнасьці беларусаў з тымі адданымі людзьмі, якіх рэпрэсавалі ўлады – гэта й салідарнасьць з пісьменьнікамі, якіх пазбавілі Дому літаратара, маладымі людзьмі, якія цяпер знаходзяцца пад крымінальным перасьледам, з тымі выкладчыкамі, якія цяпер ня могуць весьці выкладчыцкую дзейнасьць, студэнтамі, школьнікамі Беларускага гуманітарнага ліцэю, які цяпер дзейнічае ў падпольлі, – з усім беларускім грамадзтвам, якое, не зважаючы на рэпрэсіі ўсё роўна працягвае барацьбу за свабоду і дэмакратыю нашай Беларусі”.
Студэнты, якія вучацца за межамі Беларусі, запаляць сьвечкі перад будынкамі беларускай амбасады. Вядома, што акцыі адбудуцца ў Літве, Эстоніі, Латвіі, Украіне, Польшчы. Мінакам будуць раздаваць інфармацыйныя ўлёткі пра сытуацыю ў Беларусі.