Мэр галандскага горада Эйндховена Аляксандр Сакерс не прыедзе ў Беларусь з прычыны парушэння правоў чалавека
Такое рашэнне было прынятае муніцыпалітэтам горада. Эйндховен з’яўляецца горадам-пабрацімам Менска з 1995 года, і яго мэр збіраўся ў беларускую сталіцу ў траўні гэтага года, паведамляецца ў прэс-рэлізе Партыі працы Нідэрландаў, які паступіў у прэс-цэнтр Хартыі’97.
Муніцыпалітэт лічыць, што візіт мэра непажаданы з прычыны палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Існуе небяспека, што яго візіт будзе вытлумачаны як падтрымка беларускага рэжыму, заявілі прадстаўнікі ўсіх партый.
Прадстаўнік Партыі працы Нідэрландаў Габі Ван дэр Бігелар працытаваў справаздачу ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Паводле справаздачы, сітуацыя з правамі чалавека ў краіне пагоршылася, таму, лічыць прадстаўнік партыі, гандлёвыя стасункі з Беларуссю толькі ўмацуюць пазіцыі дыктатара Лукашэнкі.
Акрамя таго, Ван дэр Бігелар падкрэсліў, што яны ўсведамляюць істотную розніцу паміж кантактамі з уладамі і дзейнасцю, якая здзяйсняецца ў рамках стасункаў гарадоў.
Паводле прадстаўнікоў Партыі працы, сувязі гарадоў-пабрацімаў здольныя дапамагчы палепшыць сітуацыю ў Беларусі. Гэтыя паляпшэнні могуць быць актывізаваныя з дапамогай кантактаў паміж жыхарамі двух гарадоў. Самі стасункі паміж гарадамі-пабрацімамі не падвяргаюцца сумненню.
“Той факт, што мэр не едзе ў Менск, трэба разумець як знак падтрымкі жыхарам Менска ў іх імкненні да таго, каб у краіне паважаліся правы чалавека”, – лічыць Партыя працы Нідэрландаў.