viasna on patreon

Палецкіс лічыць, што Менск гатовы вызваліць палітвязьняў

2013 2013-03-20T23:12:56+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Праблема вызваленьня палітвязьняў застаецца галоўнай у дачыненьнях паміж афіцыйным Менскам і Брусэлем. Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрвію «Свабодзе» заявіў сёньня дакладчык па Беларусі Эўрапейскага парлямэнту Юстас Палецкіс. Літоўскі парлямэнтар з 18 па 21 сакавіка знаходзіцца ў Менску, дзе зьбірае матэрыялы для свайго дакладу на пленарным паседжаньні дэпутатаў Эўрапарлямэнту.

Праблему вызваленьня палітвязьняў дакладчык па Беларусі назваў «пытаньнем з пытаньняў». Спадар Палецкіс сказаў, што ўздымаў гэтую праблему на ўсіх сустрэчах, найперш з афіцыйнымі беларускімі чыноўнікамі:

«Гэта сапраўды пытаньне з пытаньняў. І цяпер, наколькі я зразумеў, Менск не зьяўляецца болей закасьцянелым і не гатовым рашаць гэтыя пытаньні. На мой погляд, гэта цалкам магчыма. Але калі і як гэта адбудзецца, пакуль вельмі цяжка сказаць».

Я папрасіў дакладчыка па Беларусі ўдакладніць: гаворка ідзе толькі пра вызваленьне палітвязьняў ці і пра іх рэабілітацыю таксама? У адказ пачуў:

«Я большай часткай меў размовы з апазыцыяй і грамадзянскай супольнасьцю. Болей, чым з афіцыйнымі асобамі. У іх таксама вельмі розныя думкі. Адны кажуць, што патрабаваць рэабілітацыі нерэальна. Іншыя кажуць, што павінны быць абавязкова і вызваленьне, і рэабілітацыя. Мусіць, тут сапраўды ёсьць над чым падумаць».

«Я казаў пра неабходнасьць патрабаваньня з боку Эўразьвязу і яго структураў да беларускіх уладаў аб абавязковай рэабілітацыі палітвязьняў», — заявіў «Свабодзе» старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які сустракаўся зь Юстасам Палецкісам сам-насам:

​​«Ён хацеў чуць прапановы, якія б маглі быць да гэтага дакладу. Мая галоўная думка — высілкі і намаганьні канцэнтраваць не на тым, што кансэрвуе сытуацыю, а на тым, што яе мяняе. Гэта азначае, што трэба канцэнтравацца не на маленькіх, дробных пытаньнях, а ўсё ж такі сфакусавацца на галоўных. А гэта — вызваленьне і рэабілітацыя палітычных вязьняў, вольныя, справядлівыя выбары, плян мадэрнізацыі для Беларусі».

Дакладчык па Беларусі правёў перамовы і з намесьнікам міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной. Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных адзначае:

​​«Нам вядома, што спадар Палецкіс прыехаў у Беларусь для збору інфармацыі для дакладу аб узаемаадносінах Беларусі і Эўразьвязу. Мы прадставілі яму афіцыйны пункт гледжаньня. Спадзяемся, што гэты даклад будзе аб’ектыўны. Калі гэта адбудзецца, то магчыма, што ён будзе садзейнічаць паляпшэньню ўзаемаразуменьня і актывізацыі дыялёгу паміж Беларусьсю і ЭЗ. Я думаю, што гэта абодвум бакам патрэбна».

У дакладчыка дэлегацыі па Беларусі Эўрапейскага парлямэнту адбылося шмат сустрэч. Яго суразмоўцамі былі таксама кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майра Мора, кіраўнікі дыпмісіяў у Беларусі — Нямеччыны, Польшчы, ЗША, апазыцыйныя палітыкі, праваабаронцы, аналітыкі, чыноўнікі з урадавых структураў.

Спадар Палецкіс сказаў «Свабодзе», што ўжо ў наступным месяцы ён прадставіць першы праект свайго дакладу аб сытуацыі ў Беларусі. Гэта будзе невялікі тэкст памерам чатыры машынапісныя старонкі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства