viasna on patreon

Арганізатары "плюшавага дэсанта" ўпэўненыя, што шведскія ўлады не экстрадуюць іх у Беларусь

2013 2013-03-20T23:20:37+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Прадстаўнікі шведскай рэкламнай кампаніі Studio Total, якая арганізавала ў ліпені 2012 года "плюшавы дэсант" над тэрыторыяй Беларусі, не хвалююцца наконт распачатага Генпракуратурай Швецыі расследавання справы аб незаконным перасячэнні літоўска-беларускай мяжы. Пра гэта заявіў БелаПАН адзін з удзельнікаў "плюшавай бамбардзіроўкі" Томас Мазэці.

"Шведская пракуратура ўжо адзначала, што пакаранне, калі такое будзе, пагражае нам толькі ў выглядзе невялікага штрафу. Мы не баімся, што шведскія ўлады экстрадуюць нас у Беларусь, мы ўпэўненыя, што гэтага не адбудзецца", — сказаў Мазэці.

Генеральная пракуратура Швецыі 19 сакавіка аб'явіла пра пачатак расследавання па справе аб незаконным перасячэнні ў пачатку ліпеня 2012 года літоўска-беларускай мяжы самалётам, якім кіраваў шведскі экіпаж.

У пачатку студзеня 2013 года літоўская Генпракуратура, якую беларускія ўлады заклікалі расследаваць інцыдэнт, заявіла, што правяла ўсе магчымыя дзеянні ў межах крымінальнага працэсу, а далейшы крымінальны пераслед магчымы толькі ў Швецыі. Літоўскія пракуроры прызналі падазронымі двух чалавек, жыхароў Швецыі. У сувязі з гэтым Літва звярнулася ў кампетэнтныя органы Швецыі з просьбай прадоўжыць крымінальны пераслед.

"У адпаведнасці з міжнароднымі пагадненнямі паміж Швецыяй і Літвой існуе прававая база для правядзення расследавання шведскім бокам, улічваючы тое, што размова ідзе пра шведскіх грамадзян", — гаворыцца ва ўчарашняй заяве шведскай Генпракуратуры.

Варта зазначыць, што раней у бюро пракурора Стакгольма заяўлялі, што шведская юстыцыя не мае прамых адносінаў да справы аб "плюшавым дэсанце", паколькі інцыдэнт здарыўся за мяжой.

"Я не разумею, у чыёй юрысдыкцыі знаходзіцца гэтая справа. Я не ўпэўнены нават, што пракуратура Швецыі змяніла сваё рашэнне не брацца за яе. Усе гэтыя юрыдычныя пытанні вельмі заблытаныя", — падсумаваў Мазэці.

Аднаматорны самалёт са шведскім экіпажам з супрацоўнікаў кампаніі Studio Total несанкцыянавана перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны прыкладна паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Мінска больш чым 800 плюшавых медзведзянят з запіскамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Нягледзячы на тое што ваеннаслужачыя і пагранічнікі адмаўлялі парушэнне дзяржмяжы, па гэтым факце была распачата крымінальная справа.

13 ліпеня ў межах расследавання быў затрыманы 20-гадовы фатограф Антон Сурапін, які першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos фатаграфіі скінутых шведамі цацачных мядзведзяў. Пазней стала вядома пра затрыманне рыэлтара Сяргея Башарымава, які займаецца здачай кватэр на кароткі тэрмін і ў якога шведы маглі ці планавалі арандаваць жыллё.

31 ліпеня за "неналежнае выкананне службовых абавязкаў па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь" Аляксандр Лукашэнка зняў з пасад кіраўніка Дзяржпагранкамітэта Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны генерал-маёра Дзмітрыя Пахмелкіна.

1 жніўня ўлады Беларусі адмовілі ў працягу акрэдытацыі паслу Швецыі Стэфану Эрыксану, пасля чаго пачаўся беларуска-шведскі дыпламатычны скандал. 17 жніўня КДБ змяніў Сурапіну і Башарымаву меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе.

У лютым 2013 года старшы прапаршчык пагранслужбы, які не паведаміў ваенным аб перасячэнні мяжы шведскім самалётам раніцай 4 ліпеня 2012 года, прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства