viasna on patreon

Юстас Палецкіс: Прымітыўныя абмены — не стыль ЕС

2013 2013-03-20T23:23:40+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

"Прымітыўныя абмены — гэта не стыль Еўрасаюза" — так пракаментаваў БелаПАН дакладчык дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі, намеснік кіраўніка дэлегацыі ЕП па сувязях з Беларуссю літовец Юстас Палецкіс апасенні, выказаныя 18 сакавіка Андрэем Саннікавым у інтэрв'ю сайту www.charter97.org.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў, які знаходзіцца ў эміграцыі, пасля сустрэч з еўрапейскімі палітыкамі падчас Брусельскага форуму, у прыватнасці, заявіў: "Мяне вельмі насцярожыла тое, што пытанне зняцця візавых абмежаванняў з чыноўнікаў з "чорнага спісу" звязваюць не з пытаннямі вызвалення палітвязняў, а з іншымі. Напрыклад, з аднаўленнем працы шведскага пасольства ў Мінску".

"Наколькі мне вядома, такога абмену не было. І я не думаю, што ён можа быць. Хаця, прызнаюся, мне далёка не ўсё вядома пра перамовы ЕС з Мінскам", — сказаў Палецкіс.

"Наогул прымітыўныя абмены — гэта не стыль Еўрасаюза. Стыль Еўрасаюза, на мой погляд — ствараць умовы, каб, калі няма кардынальных перашкодаў, усё ж рухацца наперад і думаць пра тое, што было б лепш грамадзянам Беларусі і грамадзянам Еўрасаюза", — падкрэсліў ён.

Пад "кардынальнымі перашкодамі" маецца на ўвазе наяўнасць палітзняволеных, патлумачыў Палецкіс.

"Магу сказаць, што прыкметы ўмоўнага пацяплення ў адносінах беларускіх уладаў з Еўропай ёсць, хаця гэта далёка яшчэ не вясна. Я, у прыватнасці, звязваю надзеі з тым, што Літва хутка будзе старшынстваваць у Еўрасаюзе. Прызначаны на восень Вільнюскі саміт Усходняга партнёрства — гэта канкрэтныя рэчы, канкрэтныя шанцы", — зазначыў літоўскі еўрадэпутат.

"Прэзідэнт, міністр замежных спраў Літвы значна лепш за іншых палітыкаў 27 краін ЕС ведаюць, разумеюць становішча ў Беларусі. І, можа, нейкае шостае пачуццё ў гэтым выпадку здольнае дапамагчы, каб справы зрушыліся ў лепшы бок. Хаця многае будзе залежаць ад пазіцыі Мінска", — падкрэсліў Юстас Палецкіс.

Палецкіс знаходзіцца ў Мінску з 18 па 21 сакавіка. Ён вывучае сітуацыю ў краіне, каб падрыхтаваць даклад, закліканы легчы ў аснову рэкамендацый Еўрапарламента па беларускім пытанні для Еўракамісіі і Савета ЕС. Падчас візіту еўрадэпутат сустракаецца з афіцыйнымі асобамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Поўную версію інтэрв'ю публікуе інтэрнэт-газета БелаПАН Naviny.by ("Белорусские новости").

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства