Валянцін Стэфановіч: Еўрадэпутаты павінны дамагацца сустрэч з палітвязнямі
Намеснік старшыні
праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч у час сустрэчы з
еўрадэпутатам ад Літвы Юстасам Палецкісам падняў праблему беларускіх
палітвязняў. "Я спасылаўся на нашу супольную з Міжнароднай
Федэрацыяй правоў чалавека справаздачу, якая не так даўно была падрыхтавана. Мы
гаварылі у асноўным пра сітуацыю з палітвязнямі. Але не толькі," –
патлумачыў Валянцін Стэфановіч.
- Мы гаворым, што 40 чалавек на сёння маюць тыя ці іншыя абмежаванні ў выніку
іх палітычнага пераследу. Каб акрэсліць праблему не толькі палітвязняў, якія
непасрэдна знаходзяцца ў турмах, што, канешне, нас найбольш турбуе, але і ў
прынцыпе праблему непагашаных судзімасцяў. Мы патрабуем менавіта зняцця
судзімасцяў – палітычную рэабілітацыю... Ён асабліва не выказваў сваю пазіцыю,
больш слухаў. Запытваў, напрыклад, адносна будучага візіту дэлегацый
еўрапарламентароў: ці варта ім запытвацца дазволу на сустрэчу з палітвязнямі?
Па словах Валянціна Стэфановіча, магчымасць сустрэцца з палітвязнямі залежыць
цалкам ад волі ўладаў. Такая верагоднасць ёсць. "Былі прэцэдэнты, калі
прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу сустракаліся з беларускімі палітычнымі
зняволенымі. У апошні час з некаторымі з іх сустракаўся папскі нунцый," -
нагадаў Валянцін Стэфановіч. Па словах праваабаронцы, ён адзначыў, што варта
рабіць спробы такіх сустрэч, каб падкрэсліць важнасць пытання палітвязняў з
боку Еўразвяза.