Падаткавікоў цікавіць: ці пазычала жонка праваабаронцы Леаніда Судаленкі яму грошы?
Жонка гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі атрымала афіцыйны запыт з Інспекцыі па падатках і зборах па Савецкаму раёну Гомеля, дзе ў яе пыталіся: ці пазычала яна грошы свайму мужу? Нагадаем, што ўжо некалькі месяцаў падатковая праводзіць розныя праверкі ў дачыненні да праваабаронцы і яго сям'і, і нават сына, які зараз служыць у войску.
«Я, калі падаваў дэкларацыю, па патрабаванню падатковых органаў, адзначыў, што жыву сумесна з жонкай, мы вядзём агульную гаспадарку, усе нашы грошы і маёмасць – агульная сумесная уласнасць. Пасля гэтага да жонкі з'явіліся пытанні: ці пазычае яна мне грошы», - пракаментаваў Леанід Судаленка.
У інспекцыю быў дасланы адказ, што пра якія пазыкі ідзе гаворка, калі людзі жывуць у шлюбе, сумесна пражываюць, у адной кватэры, вядуць агульную гаспадарку, і ніхто нікому грошы не пазычаў.
Задае пытанні падатковая і па сыну праваабаронцы, які раней вучыўся ў Польшчы, а зараз служыць у беларускім войску. «Сыну прад'явілі прэтэнзію ў перавышэнні выдаткаў над прыбыткамі, палічылі ў выдаткі нават квіткі ў Польшчу, дзе ён вучыўся. Таксама не забыліся за кожны з 48 месяцаў бюджэт пражытачнага мінімуму налічыць, хоць у той час сын знаходзіўся ў Польшчы і не з'яўляўся падатковым рэзідэнтам РБ», - дадаў праваабаронца.
У адказе ў падатковую – наконт выдаткаў сына, - Леанід Судаленка адзначыў, што прадставіць неабходныя дакументы зараз немагчыма, таму што сын зрабіць гэта не ў стане па той прычыне, што ён у войску. Ён нагадаў падатковай, што ў перыяд часу, за які інспектары патрабуюць справаздачу, сын не з'яўляўся падатковым рэзідэнтам РБ, і вучыўся на дзённым аддзяленні ВНУ ў Польшчы.