viasna on patreon

Алесь Бяляцкі пра свята 25 сакавіка

2013 2013-03-22T13:40:38+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bialiacki-10.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі. Фота Юліі Дарашкевіч

Алесь Бяляцкі. Фота Юліі Дарашкевіч

У 1996 годзе галоўным рэдактарам дзяржаўнай беларускай газеты “Літаратура і Мастацтва” (“ЛіМ”) быў Мікола Гіль. Менавіта ў гэты час, у 1996-1997 гадах, штотыдзень у “ЛіМе” друкаваліся калонкі Алеся Бяляцкага, які на той час з’яўляўся дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, але ўжо стварыў Праваабарончую ініцыятыву, якая тады назывался “Вясна-96”.

З таго часу прайшло 17 гадоў, але тэксты, якія цяпер можна знайсці толькі ў старых газетах у бібліятэках, засталіся надзіва актуальнымі. Напярэдадні Дня Волі – 2013 прапануем тэкст Алеся Бяляцкага пра Незалежнасць Беларусі.



Добрая вестка

25 сакавіка 1982 года адзначалі мы ў лесе пад Менскам. Ігліца пад хвоямі была вільготная, паветра п’янкое, у лагчынах яшчэ шэрхнуў снег. Мы паставілі між хвояў на грудку самаробны бел-чырвона-белы сцяг, выпілі пляшку гарэлкі, праспявалі “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Адчуванне такое, што ў нас была свая, хоць і далёкая незалежнасць, прыемна хвалявала. У гэты дзень у 1918 годзе беларусы насуперак варожаму свету заявілі: “Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай”.

Недалёка ад нас трашчала голле. Няведама чаго ў гэты час бадзяўся па лесе нейкі чалавек. Бярозавік збіраць яшчэ рана.

Чатырнаццаць гадоў таму Беларусь была бээсэсэраўскай. Наперадзе не было ніякага прасвету. Родныя браты-славяне з усходу і захаду зрабілі ўсё, каб нашая незалежнасць захлынулася ў крыві і згніла ў турмах. Дзякуй ім за гэта.

Там, у лесе, Сокалаў выдурняўся, пачынаючы спяваць стары беларускі гімн: “Адвеку мы спалі і нас разбудзілі”, а потым дадаваў, здаецца, сваё: “Пад с... нам далі і спаць палажылі”. Але ўсё роўна, нашая купка моладзі палка жадала паслужыць Беларусі незалежнай. Што там мы, калі за яе ў апошняе стагоддзе ўжо дзесяткі тысяч беларусаў аддалі свае жыцці.

Прайшоў час і, дзякуй Богу, гэта ўжо не толькі нашае свята.

Я заўсёды з унутраным задавальненнем і гонарам разглядаю агульнавядомы фотаздымак нашага першага ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзевяць беларускіх апосталаў. Вясёлым аптымізмам праменяць іхнія вочы, бялеюць каўнерыкі ў цывільных, пабліскваюць наваксаваныя боты ў вайскоўцаў. Я ўпэўнены, што даў бы ім Бог гэты саракатысячны беларускі корпус, які быў сфармаваны на Румынскім фронце, і яны пабудавалі б нашую мару — заможную незалежную Беларусь! Але корпус да Беларусі не даехаў.

Палова з Апосталаў прыняла ад рук камуністаў пакутніцкую смерць, другая палова памерла ў выгнанні. Улада перайшла ў рукі прайдзісветаў. А тут, на фотаздымку, проста нейкі ідэал. Прыгожыя людзі з чыстымі і прыгожымі думкамі ды памкненнямі.

25 сакавіка — гэта не толькі беларускае дабравесце. У гэты дзень анёл Гаўрыіл абвясціў Марыі пра тое, што яна абраная Богам за маці для Ісуса Хрыста. Не толькі гісторыя Беларусі, але і ўся гісторыя чалавецтва дзеліцца гэтым днём на дзве часткі. Стары запавет сустракаецца тут з Новым, старая эра — з новай. Здзейснілася тое, чаго так доўга чакалі і пра што казалі прарокі ў Старым запавеце. Чалавек быў узнесены да вялікай годнасці, таму што Бог стаўся чалавекам. І тое, што было, здавалася б, недасягальным ідэалам, запаветнаю мараю, — адбылося!

Але доўгі час мала хто ведаў пра гэтую хвіліну і яшчэ менш верылі. 25 сакавіка — звеставанне, дабравесце.

Недарма на мове “обрусителей” гэта — “благая весть”. Няхай жа сапраўды для іх яна будзе такой, а нам яна надасць веры і ўпэўненасці ў нашую светлую будучыню.

ЛіМ, 22 сакавіка 1996 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства