Затрыманні ў Віцебску. Адзін з мітынгаў забаранілі, другі – пад пытаннем
На 25 сакавіка актывісты Віцебшчыны падалі заяўкі на два мітынгі. Адзін з іх ўжо забаронены Першамайскай раённай адміністрацыяй. Адміністрацыя Чыгуначнага раёну адказу не даслала, але 22 сакавіка міліцыя затрымала арганізатара меркаванай імпрэзы, старшыню віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Леаніда Аўтухова і яго аднапартыйца Кастуся Смолікава.
Аўтухоў і Смолікаў распаўсюджвалі запрашэнні на мітынг у памяшканні гандлёвага цэнтру "Эвіком". Былі затрыманыя ахоўнікамі, якія потым выклікалі супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУС.
За некалькі гадзін да затрымання Леанід Аўтухоў распавёў, што акцыю варта праводзіць у любым выпадку:
"Адказ з Чыгуначнай адміністрацыі мне не даслалі. Але мы ўжо запрашаем людзей, бо маем права на выказванне сваіх меркаванняў. Мы – зарэгістраваная партыя, дык чаму мусім хавацца? Парк культуры і адпачынку Чыгуначнікаў вялікі, мы нікому замінаць не будзем, калі збярэмся на імпрэзу".
Але праз некалькі гадзінаў па затрыманні спадар Аўтухоў паведаміў наступнае:
"Нас прывезлі ў Кастрычніцкі РАУС, размясцілі паасобку. Спадзяюся, што Кастусь Смолікаў ужо дома. Што да мяне, то міліцыянты апісваюць улёткі-запрашэнні ды іншыя паперы, што былі ў маёй машыне. А мне супрацоўнік паведаміў, што зараз будуць складаць адміністрацыйны пратакол. У чам мяне вінавацяць – я не ведаю".
Пасля 16 гадзін Леанід Аўтухоў стаў недасяжны для зносінаў па тэлефоне. Тэлефон Кастуся Смолікава не адказвае таксама.
Мітынг, які хацеў арганізаваць Леанід Аўтухоў, заяўлена на 25 сакавіка ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Гэта месца афіцыйна вызначанае ўладамі для масавых мерапрыемстваў.
Кіраўнік абласной структуры руху "За Свабоду" Хрыстафор Жаляпаў і Аляксей Гаўруцікаў, сацыял-дэмакрат з партыі Мікалая Статкевіча, падавалі заяўку на мітынг у партку 30-годдзя ВЛКСМ – гэта таксама афіцыйна прызначанае месца. Але актывістам адмовілі на падставе таго, што ў парку якраз у панядзелак 25 сакавіка з 14 да 19 гадзін будуць праводзіцца спартовыя спаборніцтвы.