Грамадзкая арганізацыя аналізуе магчымасьці рэалізацыі правоў жанчын у Беларусі
14 сакавіка ў Бабруйску зь ініцыятывы Беларускай арганізацыі працоўных жанчын прайшла рабочая сустрэча па абмеркаваньні дзейснасьці законаў, датычных рэалізацыі правоў жанчын у Рэспубліцы Беларусь. Удзел у абмеркаваньні прынялі каля дваццаці жанчын, якія працуюць у сацыяльнай сфэры і па службе кожны дзень сутыкаюцца з праблемамі сям’і. Менавіта спэцыялісты такога профілю бачаць адваротны бок медаля – гэта значыць, прынятых для паляпшэньня становішча жанчын законаў. Нягледзячы на тое, што амаль усе прысутныя жанчыны зьяўляюцца праваднікамі дзяржаўнай сямейнай палітыкі, адначасова яны і атрымальнікі яе выгодаў альбо пацярпелыя ад яе хібаў. Да высьвятленьня магчымых шляхоў выпраўленьня сытуацыі прыйшлі праз аналіз асабістага. Паглядзець на дзяржаўныя праблемы вокам прафэсіянала праз праблемы “свойскія”, асабістыя аказалася карысным. Сярод праблемаў называлася такая: практычна ўся ўвага дзяржавы аддаецца “ненадзейным” сем’ям. Гэта ўцягвае іх і самую дзяржаву ў замкнёнае кола. Дзяржаўная грашовая дапамога “на дзяцей”, якая зараз нязначна ўзрасла, аказваецца дастатковай менавіта для сем’яў зь нізкімі жыцьцёвымі стандартамі. Уздым нараджальнасьці такім чынам абернецца ў недалёкай будучыні фінансавымі стратамі. Была ўзгаданая і тэма кантрактаў. Падчас свабоднай дыскусіі высьветлілася, што ўпэўненасьці ў заўтрашнім дні ад працы на кантракце ніхто з прысутных жанчын не адчувае. Вынікі падобных рэгіянальных сэмінараў стануць падставаю для накіраваньня інфармацыйнага ліста ў дзяржаўныя інстанцыі з прапановамі паляпшэньня становішча жанчын, паведаміла прэс-служба Асамблеі НДА.