viasna on patreon

Пасол Італіі: Вызвалення палітзняволеных у Беларусі чакае не толькі Еўрасаюз

2013 2013-03-22T20:32:52+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Вызвалення беларускіх палітзняволеных "чакае не толькі Еўрасаюз, але і ўвесь свет", заявіў пасол Італіі Арнальда Абеці журналістам 22 сакавіка ў Мінску.

Пры гэтым ён зазначыў: працягваючы настойваць на вызваленні палітзняволеных, ЕС таксама шукае "і іншыя каналы для выпраўлення сітуацыі, якая нікому не прыносіць карысці".

"Я згодны з меркаваннем аб тым, што ўсё ж неабходны дыялог. Гэта не азначае, што я не бачу існуючых негатыўных момантаў, але паколькі я арыентуюся на пошук рашэння, якое задаволіць абодва бакі, то я на баку захавання крытычнага дыялогу. Нельга зачыняць дзверы, неабходна выкарыстаць усе наяўныя магчымасці. Але вызваленне палітзняволеных абавязкова павінна адбыцца", — падкрэсліў Абеці.

Дыпламат нагадаў, што да таго, як была жорстка разагнана акцыя пратэсту пасля выбараў 19 снежня 2010 года, Беларусь і Еўрасаюз вялі даволі паспяховы дыялог. Па гэтай прычыне зараз Еўрасаюз "апасаецца рабіць нейкія крокі і дзеянні да таго, як будуць адпушчаны палітзняволеныя", заявіў пасол Італіі. "Сама ідэя, што такія падзеі могуць зноў паўтарыцца, успрымаецца вельмі негатыўна", — сказаў Абеці.

На пытанне, як ён ставіцца да таго, што міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея могуць выключыць са спіса асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС, Абеці адказаў: "Я вельмі паважаю спадара Макея, лічу яго разумным чалавекам. Мяркую, што яму трэба дазволіць уезд у ЕС, каб была магчымасць вядзення дыялогу".

На ўдакладняючае пытанне, ці з'яўляецца гэтае выказванне яго асабістым пунктам гледжання ці пазіцыяй Італіі, Абеці падкрэсліў: "Думаю, што пазіцыя Італіі, і не толькі Італіі, менавіта такая".

Кажучы пра двухбаковыя беларуска-італьянскія адносіны, дыпламат назваў іх "у цэлым добрымі". "Ёсць перашкоды палітычнага характару, пра якія ўсе ведаюць і якія на афіцыйным узроўні затармазілі развіццё адносінаў, — сказаў Абеці. — Але ні ў якім выпадку яны не замарозілі адносіны паміж людзьмі. У 2012 годзе Італія выдала больш за 40 тысяч віз, з іх 18 тысяч — дзецям, якія прыязджаюць па аздараўленчых праграмах".

Дыпламат лічыць паспяховым і развіццё гандлёва-эканамічных адносінаў паміж Беларуссю і Італіяй. "Нягледзячы на крызіс, наш тавараабарот павялічыўся. У 2011 годзе колькасць італьянскіх прадпрыемстваў, якія працуюць на беларускім рынку, складала менш за сто. У 2012 годзе іх стала больш за дзвесце. Гэта ў цэлым паказвае, што ў большасці выпадкаў, калі не заўсёды, народы ідуць наперадзе сваіх палітыкаў", — падкрэсліў пасол Італіі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства