У Талачыне затрыманы Раман Забела
23 сакавіка раніцай у Талачыне на аўтобусным прыпынку
міліцыя затрымала актывіста кампаніі "Наш Дом" Рамана Забелу.
Аперацыя «міліцэйскі хапун» пачалася ў горадзе Талачын раніцай. Проста на
прыпынку аўтобуса па дарозе на працу затрыманы і дастаўлены ў РАУС грамадскі
актывіст Раман Забела. Затрыманне праводзіў адзін з лепшых сышчыкаў
крымінальнага вышуку маёр міліцыі Карота. Падставы для затрымання стандартныя -
Раман Забела падобны на чалавека, які падазраецца ў здзяйсненні злачынства.
Актывіст Мікалай Петрушэнка пракаментаваў гэтую падзею:
- Прычынай для такіх дзеянняў можа быць усё што заўгодна. Раман вядомы тым, што
тры гады таму назад выйграў судовы працэс і адбіў атаку мясцовага РАУС за
нібыта ўчыненае правапарушэнне. На яго быў складзены пратакол за незаконнае
размахванне сцягам у парку. У судзе справа рассыпалася ... Раман Забела
сфармаваў футбольную каманду "Наш Дом", якая паспяхова выступала на
раённым турніры. Нарэшце, не выключана, што затрыманне з'яўляецца прэвентыўным
напярэдадні святкавання 95-годдзя БНР з мэтай не дапусціць яго ўдзелу ў
афіцыйна дазволеным масавым мерапрыемстве ў Мінску.