viasna on patreon

Справаздача па назіранні за масавым мерапрыемствам Дзень Волі ў Мінску 24 сакавіка 2013г.

2013 2013-03-24T23:59:00+0300 2016-07-25T12:56:24+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/00-00-90-08-67-097.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

24 сакавіка 2013г. дэмакратычныя сілы Беларусі правялі традыцыйную акцыю, прысвечаную адзначэнню гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 г.

Сыходзячы з аналізу анкет назіральнікаў, ПЦ “Вясна” прыходзіць да наступных высноваў:

1. У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь арганізатары масавага мерапрыемства падалі заяўку ў Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт на правядзенне масавага мерапрыемства ў выглядзе шэсця і мітынга. 12 сакавіка 2013 г. арганізатары атрымалі адказ з Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. У цэлым дазваляючы масавае мерапрыемства, арганізатары змянілі месца збору ўдзельнікаў і маршрут шэсця. Таксама ў адказе органаў улады адзначалася, што ў адпаведнасці з арт.2 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” пад шэсцем разумееца масавае мерапрыемства без выкарыстання яго ўдзельнікамі сімволікі, плакатаў і транспарантаў. Формай мерапрыемства з выкарыстаннем атрыбутыкі з’яўляецца дэманстрацыя. Фактычна арганізатарам масавага мерапрыемства было забаронена выкарыстанне наяўнай атрыбутыкі і выказана папярэджанне, што ў выпадку парушэння згаданай нормы закона, удзельнікі і арганізатары могуць быць прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці. Арганізатары мерапрыемства згадзіліся з умовамі органаў улады, але заклікалі ўдзельнікаў выкарыстоўваць бел-чырвона-белую атрыбутыку падчас масавага мерапрыемства.

1.1. Удзельнікі масавага мерапрыемства актыўна выкарыстоўвалі нацыянальную сімволіку, сімволіку арганізацыяў, а таксама плакаты і іншую атрыбутыку.

1.2. ПЦ “Вясна” раіць арганізатарам масавага мерапрыемства падчас падачы заявак ў мясцовыя органы ўлады больш дакладна выкарыстоўваць патрабаванні заканадаўства Рэспублікі Беларусь і пазбягаць пры заяўленні масавага мерапрыемства сітуацыяў, ствараючых фармальныя падставы для пераследу ў будучым як арганізатараў, так і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства.

2. У масавым мерапрыемстве прыняло ўдзел не больш за 1000 удзельнікаў.

3. Акцыя насіла мірны характар. Удзельнікі шэсця паводзілі сабе мірна, не парушалі правілаў дарожнага руху, выконвалі патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі.

4. Напярэдадні правядзення масавага мерапрыемства праваабаронцамі фактычна не фіксаваліся выпадкі превентыўных затрыманняў патэнцыйных актыўных удзельнікаў мерапрыемстваў. Такая незаконная практыка ўжывалася апошнія некалькі год і трактавалася правабаронцамі як адвольныя затрыманні.

4.1. Па дарозе ў Мінск для ўдзелу ў акцыі быў затрыманы 17-гадовы моладзевы актывіст Уладзімір Капелькін з Полацку.

4.2. У Мінску была затрымана журналістка газеты “Наша Ніва” Таццяна Гаўрыльчык, якая здымала супрацоўнікаў міліцыі на станцыі метро.

Усе затрыманыя былі вызваленыя.

4.3. Таксама ў адрозненні ад мінулагадовых аналагічных акцыяў супрацоўнікі міліцыі не перакрывалі станцыю метро побач з месцам збору ўдзельнікаў.

5. Падчас самога масавага мерапрыемства супрацоўнікі міліцыі знаходзіліся ў калоне дэманстрантаў, а таксама па перыметры шэсця, не ствараючы перашкодаў яго ўдзельнікам. Падчас шэсця прысутнічалі супрацоўнікі міліцыі у фірмовай вопратцы з надпісамі “МІЛІЦЫЯ”, “СПЕЦНАЗ”. У вялікай колькасці прысутнічалі супрацоўнікі ў цывільнай вопратцы, асобы, якія вялі відэафіксацыю  ўдзельнікаў шэсця. Большасць супрацоўнікаў міліцыі не мела ідэнтыфікацыйных картаў.

6. Назіральнікамі не зафіксаваныя факты перашкоды працы СМІ падчас самога масавага мерапрыемства.

7. Як пазітыўны момант трэба адзначыць, што прэс-служба ГУУС Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ішла на кантакт з назіральнікамі, якія прысутнічалі на акцыі.

8. Пасля завяршэння мерапрыемства супрацоўнікі міліцыі затрымалі восем удзельнікаў, трое з якіх - грамадзяне Украіны. На ўсіх затрыманых складзены пратакол аб правапарушэнні, прадугледжны арт.23.4 КаАП Рэспублікі Беларусь (непарадкаванне прадстаўнікам улады). Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне да 15 сутак адміністратыўнага арышту.

Затрыманні носяць беспадстаўны характар і не адпавядаюць як ходу самога мерапрыемства, якое было выключна мірным, так і паводзінам асобных яго ўдзельнікаў.

Такім чынам, ПЦ “Вясна” адзначае, што акцыя да Дня Волі 24 сакавіка 2013 г. насіла мірны характар. З боку міліцыі мелі месца беспадстаўныя затрыманні ўдзельнікаў акцыі. Гэта з’яўляецца недапушчальным фактам і сведчыць пра тое, што падчас акцыі незаконна абмяжоўвалася права грамадзян на мірныя сходы, а шэраг яго ўдзельнікаў незакона прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці.

У маніторынгу масавага мерапрыемства прымалі ўдзел 6 назіральнікаў ПЦ “Вясна”. Назіральнікі прысутнічалі як падчас масавага мерапрыемства, так і ў працэсе дастаўкі затрыманых ўдзельнікаў у пастарунак міліцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства