У Хоцімску Дзень Волі адзначылі на заснежаным стадыёне (фота)
Хоцімскія актывісты “Гавары праўду” і Партыі БНФ адзначылі Дзень Волі 25 сакавіка пікетам на мясцовым стадыёне, цалкам заваленым снегам.
“Мы падавалі заяўку на правядзенне пікету ў Хоцімскі райвыканкам, аднак чыноўнікі да сённяшняга дня не далі нам ніякага адказу на гэты конт, - кажа хоцімскі актывіст Валерый Каранкевіч. – Тады я асабіста наведаў райвыканкам і папярэдзіў нашых чыноўнікаў, што 25 сакавіка мы ўсё роўна правядзём пікет у вызначаным для правядзення масавых мерапрыемстваў рашэннем райвыканкама месцы. Няхай людзі пабачаць, што гэтае месца для масавых мерапрыемстваў у нашым гарадскім пасёлку проста патанае ў снезе”.
Па словах Валерыя Каранкевіча, пікет у Хоцімску быў не вельмі працяглым, ніякіх перашкод з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў не было. Пасля заканчэння пікетавання мясцовыя актывісты “Гавары праўду” і Партыі БНФ зладзілі святочную вечарыну, прымеркаваную да 95-й гадавіны абвяшчэння БНР.