У Магілёве Дзень Волі прайшоў пад пільным наглядам міліцыі (фота)
Сёння, 25 сакавіка, каля двух дзясяткаў актывістаў грамадскіх арганізацый і палітычных партый горада сабраліся, каб ускласці кветкі каля будынка, дзе ў далёкім 1918 годзе адбыўся прадстаўнічы сход, на якім гараджане прызналі ўладу ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі.
Некаторыя актывісты, як і большасць супрацоўнікаў АМАПу, прыйшлі на традыцыйнае месца каля будынка сучаснага Магілёўскага абласнога краязначага музея імя Раманава, каб ускласці каля яго кветкі і такім чынам ушанаваць гэтую дату ў гісторыі горада.
Аднак высветлілася, што напярэдадні Дня Волі магілёўскія гісторыкі выявілі ў архівах цікавы факт: прадстаўнічы сход гараджан адбываўся зусім у іншым месцы - у цяперашнім будынку сярэдняй школы №1, якая знаходзіцца на вуліцы Першамайскай.
Уведзеным у непаразуменне актывістам, як і супрацоўнікам АМАПу, прыйшлося тэрмінова дабірацца да новага месца, каб паспець на акцыю.
"Як толькі мы выйшлі з офіса на Ленінскай, то да нас падыйшлі міліцыянты і папярэдзілі, каб не было ніякіх сцягоў і лозунгаў. Калі гэтага не будзе, то і затрыманняў таксама", - гаворыць старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ "Адраджэньне" Зміцер Салаўёў.
Каля будынка сярэдняй школы №1 Зміцер распавёў новыя факты аб падзеях 95-гадовай даўніны.
Акцыя адбылася без канфліктаў з міліцыяй. Па яе сканчэнню актывісты рушылі на імпрэзу ў грамадскі цэнтр "Кола".