Ілюстрацыі да Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека прэзентавалі на адкрыцці Тыдня беларускай культуры ў Вільні
Аўтар работ - мастачка Вольга Бабурына з Маладзечна. Імпрэза адбылася ў віленскай гарадской Ратушы.
З прывітальным словам на адкрыцці Тыдня беларускай культуры да ўдзельнікаў звярнуліся мэр Вільні Артурас Зуокас, прадстаўнікі літоўскага парламента і грамадскасці.
Кожны з іх аздначыў важнасць абвяшчэння БНР 95 гадоў таму не толькі для Беларусі, але і для Літвы: краіна-суседка першая прызнала незалежнасць маладой дзяржавы. У той жа час ў самой Літве адбываліся падобныя гістарычныя працэсы.
Сваю прамову Артурас Зуокас пачаў з прывітання па-беларуску, што вельмі спадабалася прысутным беларусам, якія падтрымалі яго апладысментамі, паведамляе "Рэгіянальная газета".
На адкрыцці Тыдня беларускай культуры прэзентавалі работы мастачкі з Маладзечна Вольгі Бабурынай. Выстава яе карцін у тэхніцы выцінанка ўяўляе сабой ілюстрацыі да кожнага артыкула Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека.
Фота - "Рэгіянальная газета"