16 сакавіка ў памяшканьні, дзе захоўвалася маёмасьць міжнароднага Згуртаваньня беларусаў сьвету „Бацькаўшчына”, праведзены вобыск, канфіскаваныя кнігі гістарычнага зьместу
3 гадзіны адбываўся вобыск у кватэры, дзе знаходзіліся Алена Макоўская, старшыня рады „Бацькаўшчыны” і ёйная намесьніца Ніна Шыдлоўская.
Паводле Алены Макоўскай, людзі, якія праводзілі вобыск, не назваліся і наогул не прад’явілі ніякіх паўнамоцтваў: " Адзіны, хто паказаў пасьведчаньне — участковы, які прыйшоў з гэтымі людзьмі. Па ягоным словам, нібыта ад суседзяў паступіла інфармацыя, што ў нас парушаюцца агульнапрынятыя нормы ўтрыманьня жылых памяшканьняў. Потым у правяральшчыкаў узьнікла падозраньне, што ў гэтым памяшканьні знаходзіцца офіс".
Правяраліся дакументы, аргтэхніка, кнігі. Пытаньні выклікалі выдадзеныя ў Літве і ўвезеныя ў Беларусь кнігі Ю.Туронка "Людзі СБМ", Ю.Віцьбіча "Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі" і Дз.Касмовіча "За вольную і суверэнную Беларусь". Усе яны у колькасьці 1067 асобнікаў былі канфіскаваныя.
"Мы падумаем, ці абскарджваць канфіскацыю кніг, што знаходзіліся ў нас, пасьля нарады з юрыстамі. Гэтак жа як і шматлікія парушэньні пры правядзенні вобыску" - паведаміла Алена Макоўская.