viasna on patreon

Літва шукае ў Беларусі дэмакратыю

2013 2013-03-27T12:42:42+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/belarus_litva.jpg

Парлямэнцкая група «За дэмакратычную Беларусь» у найбліжэйшым часе пачне дзейнасьць у Сойме Літвы.

Такое рашэньне было агучанае і падтрыманае 26 сакавіка ў часе канфэрэнцыі «Што для Беларусі можа зрабіць Літва ў часе яе старшынёўства ў Эўразьвязе» ў Бюро эўрапейскай інфармацыі Сойму Літвы. 

Ініцыятар групы, парлямэнтар Эгідзіюс Варэйкіс адзначыў: «Парлямэнцкія групы па сувязях зь Беларусьсю існавалі ў розных фарматах раней. У Сойме 2004-2008 былі дзьве групы: адна – «За дэмакратычную Беларусь», другая, як назваў яе мой калега па партыі Саўлюс Печулюнас – «група за сувязі з хаця б якой Беларусьсю дзеля хаця б якой эканамічнай карысьці». У мінулым Сойме была група з такой самай назвай «За дэмакратычную Беларусь», дзе ў якасьці падгрупаў прысутнічалі абодва накірункі. Адным дэпутатам рупіла дэмакратызацыя Беларусі, іншым – мінэральныя ўгнаеньні зь Беларусі. Мы паспрабуем стварыць групу «За дэмакратычную Беларусь» цяпер. Могуць быць і фармальныя цяжкасьці, але, я думаю, усё атрымаецца, неабходны фармальны мінімум – 10 прыхільнікаў, – мы набярэм іх лёгка. Сёньня мы вырашылі такую групу стварыць».

Канфэрэнцыя ў Літоўскім Сойме прайшла ў рамках «Беларускага тыдня» з нагоды Дня Волі. У канфэрэнцыі ўзялі удзел беларускія палітыкі і актывісты, палітолягі, праваабаронцы, літоўскія парлямэнтары, а таксама беларускія і літоўскія дыпляматы: прэсавы прадстаўнік амбасады РБ у Літве Герман Пузырны і віцэ-міністр МЗС Літвы Андрус Крывас.

Станіслаў Шушкевіч, які браў удзел у канфэрэнцыі, сказаў, што Літва добра інфармаваная аб сытуацыі ў Беларусі, таму яе старшынёўства у Эўразьвязе можа быць плённым для Беларусі: «Непахісным павінна быць адно: вызваленьне і рэабілітыцыя ўсіх палітвязьняў. Што можна зрабіць для Беларусі? Літва павінна паказаць добры прыклад. Літва – найбольш дасьведчаная краіна ў сэнсе таго, што адбываецца у Беларусі, усю інфармацыю аб праўдзівай сытуацыі ў Беларусі яна мае».

Вызваленьне палітвязьняў не павінна быць прадметам гандлю ў дачыненьнях Эўразьвязу з афіцыйным Менскам, адзначалі беларускія актывісты і палітолягі ў сваіх выступах. Марына Адамовіч, жонка палітвязьня, экс-кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча, сказала, што ад «траўня мінулага году яна ўвесь час чуе ад эўрапейскіх палітыкаў, што яе муж і іншыя палітвязьні вось-вось будуць на волі – але палітвязьні застаюцца за кратамі».

Эмануэліс Зінгерыс з парлямэнцкага камітэту замежных спраў Літвы, падкрэсьліваў, што ні Эўразьвяз, ні Літва не павінны даць сябе падмануць «імітацыяй зьменаў» з боку рэжыму ў Беларусі.

«Я думаю, што 28 лістапада (Трэці саміт дзяржаваў Усходняга партнэрства заплянаваны ў Вільні 28-29 лістапада 2013 году) мы здолеем паказаць, што дэмакратычная апазыцыя Беларусі мае права прадстаўляць беларускі народ. Мы спрабуем тут, ня маючы вялікіх рэсурсаў і пад пастаянным ціскам, – я маю на ўвазе Клайпедскі порт, – пад пастаянным ціскам трымаць разам з беларусамі іх бел-чырвона-белы сьцяг і чакаем часу, калі ваш народ, які фактычна належыць да Эўропы, а не да ўсходу, будзе далучаны да эўрапейскай супольнасьці паўнавартасна».

«За Беларусь ідзе вайна, — сказаў Эгідзіюс Варэйкіс. – Мы, Эўразьвяз хацелі б бачыць Беларусь ва «Усходнім партнэрстве», разам з эўрапейскай супольнасьцю. Расея – супраць гэтага. Так ці будзем мы змагацца? Ці адступім і хай застаецца беларуска-літоўская мяжа нечым падобным на непрыступную крэпасьць, на жалезную заслону між намі і суседзямі? Я лічу – змагацца трэба. Таму і прапаноўваю аднавіць парлямэнцкую групу сувязяў з дэмакратычнай Беларусьсю, за дэмакратычную Беларусь».

Віцэ-міністр замежных спраў Літвы Андрюс Крывас сказаў, што умова поўнага вызваленьня палітвязьняў - толькі першы магчымы крок для Беларусі:

«Усходняе партнэрства – гэта пытаньне каштоўнасьцяў. Старшынёўства Літвы ў Эўразьвязе – кароткі эпізод у гісторыі супольнасьці і ў гісторыі Ўсходняга партнэрства, але для нас, для Літвы гэта мае важнае значэньне і, натуральна, мы жадаем выкарыстаць гэта дзеля спрыяньня дэмакратыі і дабрабыту нашых суседзяў. Аднак мяч цяпер – на баку беларускіх уладаў. Яны ведаюць, што ім трэба зрабіць».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства