Старонкі гісторыі паўстання 1863–1864 гг.
2013 год абвешчаны дэмакратычнай супольнасцю Беларусі годам Кастуся Каліноўскага.
28 лютага 2013 г. а 16-й гадзіне ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя
Я. Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, інфармацыйна-выставачны
цэнтр, пакой 110) адбудзецца прэзентацыя выставы “Старонкі гісторыі
паўстання 1863–1864 гг.”.
Наведвальнікі выставы змогуць зазірнуць у творчую лабараторыю беларускіх даследчыкаў, уявіць атмасферу працы над тэмай паўстання 1863–1864 гг. На паліцах – рукапісныя і машынапісныя матэрыялы 1933–1979 гг. (канспекты, вытрымкі, копіі архіўных матэрыялаў) з асабістых архіваў гісторыкаў Адама Станкевіча, Мікалая Улашчыка, пісьменніка Уладзіміра Караткевіча і іншых.
Выстава будзе працягвацца да канца сакавіка ў чытальнай зале аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў.
Нацыянальны гістарычны музей Беларусі прапануе наведаць выставу “Паўстанне 1863-1864 гг.” (у гравюрах французскага часопіса “Le Monde illustrè”, кнігах, дакументах і іншых помніках ХІХ ст.)
Выстава дэманструе творы графікі, кнігі, дакументы і іншыя помнікі ХІХ
ст. На ёй прадстаўлена больш за 30 арыгінальных гравюр з французскага
часопіса “Le Monde illustrè”, друкаваныя выданні і рукапісныя дакументы –
апублікаваныя ўспаміны сучаснікаў падзей, творы грамадска-палітычных
дзеячаў, гістарычныя даследаванні, узоры фалерыстыкі і сфрагістыкі.
Асобнай увагі заслугоўвае калекцыя гравюр, якая ўпершыню прадстане перад гледачамі.
Кніжная выстава “За годнасць! За Бацькаўшчыну”, аснову якой склалі кнігі і часопісы з фонду аддзела старадрукаваных і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай Бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, 11 сакавіка адчынілася ў Прэзідэнцкай бібліятэцы па адрасе вул. Савецкая, 11 (Дом Урада, правае крыло, тэл. 222-45-20). Праўда, для яе наведвання неабходны ўсяго толькі чытацкі білет гэтай бібліятэкі, але ўсе выданні, прадстаўленныя на выставе, можна замовіць у электронным каталогу на сайце www.preslib.org.by.
На выставе сярод іншага прадстаўлены і першыя беларускія даследванні, з якіх ў 1920-х гадах пачалося станаўленне беларускай гістарыяграфіі гісторыі паўстання 1863 года, і дзейнасці Кастуся Каліноўскага. Гэта выдадзены ў 1927 годзе зборнік дакументаў аб паўстанні “1863 год на Міншчыне” і першая беларуская манаграфія “1863 год на Беларусi” У. Ігнатоўскага, які даў грунтоўны навуковы аналіз падзей паўстання і поглядаў Каліноўскага. Заходнебеларуская гістарыяграфія 1930-х гадоў прадстаўлена рэфератам Адама Станкевіча “Кастусь Каліноўскі, “Мужыцкая праўда” і ідэя незалежнасці Беларусі”.