Чаму адміністрацыйна затрыманых без суду трымаюць на выходных?
Берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк накіраваў міністру ўнутраных справаў Беларусі Ігару Шуневічу і старшыні Вярхоўнага суду Валянціну Сукалу зварот з просьбай «забясьпечыць неадкладнае дастаўленьне адміністрацыйна затрыманых у суд для разгляду іх справаў».
Нагодай для звароту стала сытуацыя з затрыманьнем
актывістаў Партыі БНФ Леаніда Аўтухова і Канстанціна Смолікава.
Яны былі затрыманыя ў Віцебску ў пятніцу, 22 сакавіка, падчас
распаўсюджваньня бюлетэню з запрашэньнем прыйсьці на сьвяткаваньне
Дня Волі, а судзілі іх толькі 25-га, у панядзелак.
Такім чынам, тэрмін адміністрацыйнага затрыманьня грамадзян склаў
69 гадзін без дастаўлення да суддзі, што «зьяўляецца
парушэннем ч. 2 арт. 11.2 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса
Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэньнях», гаворыцца ў звароце
праваабаронцы.
Паводле гэтага артыкулу, нагадвае ён, «справа аб адміністрацыйным
правапарушэньні, учыненьне якога цягне адміністрацыйны арышт
ці дэпартацыю, разглядаецца ў дзень атрыманьня пратаколу
аб адміністрацыйным правапарушэньні і іншых матэрыялаў справы, але
не пазьней, чым за сорак восем гадзінаў з моманту адміністрацыйнага
затрыманьня фізычнай асобы».
Кісьляк
просіць кіраўнікоў МУС і Вярхоўнага суду прыняць меры да выкананьня
судамі і органамі ўнутраных спраў нормаў закону, а таксама прапануе
арганізаваць дзяжурства аднаго з судзьдзяў у суботу для разгляду
такіх справаў.