Суд разгледзіць справу аб законнасці перадачы зямлі агульнага карыстання дэпутату
Паводле сённяшняй пастановы судовай калегіі Магілёўскага абласнога суда ў складзе суддзяў Стальмаховай, Халадцовай і Барсук справа Дзмітрыя Яўстратава перададзена на новы разгляд у суд Ленінскага раёна Магілёва суду ў новым складзе.
Такім чынам аказалася, што справа, у якой жыхары вёскі Нядашава-2 Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці, якія выступалі супраць таго, што зямля агульнага карыстання была перададзена з парушэннямі заканадаўства ў пажыццёвую арэнду мясцоваму фермеру Юрыю Кожычу, аказалася ўсё ж падсудна суду.
Нагадаем, што суддзя Тарасава Ленінскага раёна Магілёва 20 лютага 2013 года вынесла вызначэнне, паводле якога справа з перадачай зямлі фермеру аказалася непадсудна суду, бо суд не ўбачыў у гэтым інтарэсаў грамадзян.
З такім рашэннем Дзмітрый Яўстратаў не пагадзіўся і абскардзіў гэтае вызначэнне ў вышэйстаячым суддзе. Паводле вяскоўца, перадача зямлі мясцоваму фермеру пазбавіла жыхароў вёскі свабоднага доступа да вадаёма, знізіла рынкавы кошт іхных дамоў, а таксама не ўлічыла іх думкі ў працэсе выдзялення зямлі.
Рашэнне для Дзмітрыя Яўстратава стала поўнай нечаканасцю. Ён назваў яго маленькай перамогай.
“Я рады таму, што абласны суд стаў на мой бок. Гэта правільнае рашэнне і яно цалкам ў інтарэсах жыхароў вёскі Нядашава-2. Цікава тое, што адразу пасля раённага суда я атрымаў ліст з Генаральнай пракуратуры, у якім было пазначана, што мы (жыхары вёскі) маем права на абарону нашых законных інтарэсаў у судзе. Прыкра, што гэта не зразумелі ў раённым судзе”, - гаворыць Дзмітрый Яўстратаў.