У Мілавідах запланавана добраўпарадкаванне помнікаў у гонар касінераў Кастуся Каліноўскага
Грамадскія актывісты Віктар Сырыца, Рыгор Грык, Віктар Скок атрымалі ліст ад старшыні Мілавідскага сельскага савета Ірыны Сушчык. Раней мы паведамлялі, што яны сабралі 156 подпісаў за тэрміновы рамонт помнікаў у гонар паўстанцаў 1863 года і накіравалі іх старшыні Мілавідскага сельскага савета (Баранавіцкі раён).
У сваім адказе спадарыня Сушчык паведаміла, што яшчэ ў пачатку года падрыхтаваны план мерапрыемстваў па рамонту помнікаў і добраўпарадкаванні тэрыторыі. Акрамя мясцовых будаўнікоў у рамонце мідавідскіх помнікаў прымуць удзел Івацэвічскае ДЭУ-23 і Баранавіцкі завод санэлектразагатовак.
Адначасова Ірына Сушчык запрашае і баранавіцкіх грамадскіх актывістаў прыняць актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні помнікаў у гонар касінераў Кастуся Каліноўскага.
– Мы гэтаму вельмі рады. Вот толькі не шанцуе з надвор’ем: зіма зацягнулася. Але мы абавязкова арганізуем талаку па добраўпарадкаванню тэрыторыі ля Мілавідскіх помнікаў у гадавіну такой слаўнай падзеі, – адзначыў Віктар Сырыца.