Віцебскія актывісты хочуць ведаць планы выкарыстання парку, каб ім не маглі адмаўляць у правядзенні акцый
Пасля адмовы Першамайскай раённай адміністрацыі на правядзенне мітынгу ў Дзень Волі ў сувязі з "занятасцю" Парка імя 30-гаддзя ВЛКСМ пад спартовыя мерапрыемствы, дэмакратычныя актывісты Хрыстафор Жаляпаў і Аляксей Гаўруцікаў просяць пазнаёміць іх з усім гадавым планам выкарыстання гэтага парку. З такой просьбай яны звярнуліся ў Віцебскі гарвыканкам. А ў адміністрацыю Першамайскага раёну падалі яшчэ 2 заяўкі на масавыя мерапрыемствы.
Аднапартыец Мікалая Статкевіча, віцебскі сацыял-дэмакрат Аляксей Гаўруцікаў асабіста схадзіў у Парк імя 30-гаддзя ВЛКСМ, дзе раённымі ўладамі была забаронена акцыя 25 сакавіка:
"Нам сказалі, што якраз 25 сакавіка ў гэтым парку запланаваныя спартовыя спаборніцтвы. Але ніводнага спартоўца ў Дзень Волі я там не сустрэў. Калі пацікавіўся, што здарылася, то ў адміністрацыі спартовага комплексу "Камсамолец" сказалі: "Спаборніцтвы адмянілі". Як высветлілася, ужо пасля таго, як нам адмовілі па прычыне "заятасці" парку, але яшчэ за тры дні да замоўленага намі мерапрыемства, а менавіта 22 сакавіка, аддзел культуры, спорту і турызму адмяніў спаборніцтвы " у сувязі са складанымі ўмовамі надвор'я і вырубкай дрэваў у парку". Але да нас так ніхто і не звярнуўся, хаця галоўная падстава для адмовы "адмянілася".
Аляксей Гаўруцікаў і другі заяўнік масавай акцыі на Дзень Волі, кіраўнік абласной структуры Руху "За Свабоду" Хрыстафор Жаляпаў маюць падставы меркаваць, што раённыя чыноўнікі былі з імі не зусім шчырыя, калі прымалі рашэнне пра адмову.
"Таму, каб болей не паўтараліся падобныя сітуацыі, і ў нас не было падставаў падазраваць работнікаў раённай адміністрацыі ў розных хітрыках, мы просім Віцебскі гарвыканкам пазнаёміць нас з зацверджаным планам мерапрыемстваў у Парку імя 30-гаддзя ВЛКСМ. Лічым, што наша просьба мусіць быць задаволена, бо гэтае месца – афіцыйна вызначаная тэрыторыя для правядзення масавых мерапрыемстваў", -- гаворыць Хрыстафор Жаляпаў.
У чаканні адказаў ад раённых уладаў спадары Жаляпаў і Гаўруцікаў падалі заяўкі яшчэ на 2 масавыя акцыі ў гэтым парку. 12 красавіка яны мяркуюць правесці мітынг супраць збяднення беларускага народа і ў падтрымку палітвязняў, а 26 красавіка – мітынг з нагоды 27-х угодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.