Менскія ўлады адмовілі ў правядзеньні акцыі 25 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы
Сёння а 15.00 у Мінгарвыканкаме адбылася сустрэча кіраўніцтва Менска з заяўнікамі акцыі, прысвечанай Дню Волі 25 сакавіка, Аляксандрам Мілінкевічам, Вінцуком Вячоркам, Анатолем Ляўковічам ды Ігарам Шынкарыкам. Былі абмеркаваныя ўмовы правядзення акцыі 25 сакавіка. Нагадаем, што дэмакратычныя сілы заявілі аб правядзеньні Дня Волі ў Менску на Кастрычніцкай плошчы а 12.00.
Як стала вядома, на сустрэчы прысутнічалі таксама пракурор горада Мінска, тэлежурналісты з БТ і начальнік ГУУС горада Менска. Заяўнікам было адмоўлена ў правядзеньні акцыі на Кастрычніцкай плошчы сталіцы і прапанавана правесці Дзень волі ў Парку дружбы народаў, на плошчы Бангалор. Кіраўнік сталічнай міліцыі патрабаваў, каб заяўнікі падпісалі пісьмовае папярэджаньне аб прыцягненьні да крымінальнай адказнасьці за выкананьне Закона аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь. Аднак ніхто з заяўнікаў гэты дакумент не падпісаў. Такім чынам, любыя масавыя мерапрыемствы 25 сакавіка на галоўнай плошчы Беларусі ўладамі забаронены.
За каментаром мы зьвярнуліся да вядомага правабаронцы Алеся Беляцкага:
“Нягледзячы на дэкларатыўныя заявы беларускіх уладаў пра існаваньне ў краіне дэмакратычнага ладу, у рэчаіснасьці мы бачым поўнае ігнараваньне грамадзянскіх правоў і свабодаў, гарантаваных беларускім грамадзянам Канстытуцыяй краіны. У чарговы раз, 25 сакавіка з’яўляецца выпрабавальным іспытам для беларускіх уладаў. І чарговы раз яны не здаюць гэты іспыт. Я ўсё больш пераконваюся, што гэты таталітарны рэжым ня здольны да трансфармацыі”.