Еўрадэпутат заклікае польскія ўніверсітэты ўзяць на працу Ігара Кузьмініча
З такой прапановай Марэк Мігальскі звярнуўся да рэктараў польскіх дзяржаўных і прыватных вышэйшых навучальных установаў.
Ён
просіць па магчымасці ўладкаваць на працу Ігара Кузьмініча ды іншых навукоўцаў,
якіх пераследуе беларуская ўлада. У сваім лісце еўрадэпутат адзначае, што маральным абавязкам
палякаў і польскіх інстытутаў з’яўляецца падтрымка дэмакратычных зменаў у
Беларусі.
Нагадаем, выкладчык Гродзенскага ўніверсітэта Ігар Кузьмініч падаў заяву на
звальненне на знак пратэсту супраць незаконнага пераследу навукоўцаў за іх
грамадскія погляды.
4 красавіка стала вядома, што прафесар Гродзенскага ўніверсітэта Вячаслаў Швед
звольнены з пасады загадчыка кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага
турызму. Ён заявіў, што лічыць звальненне палітычным рашэннем — помстай за
выдадзеную кнігу “Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада”. Раней з
універсітэту быў звольнены іншы аўтар кнігі — Андрэй Чарнякевіч.