Звальненне гарадзенскіх выкладнікаў – палітычная замова
Палітычнай замовай называе Алесь Краўцэвіч сітуацыю вакол звальнення выкладнікаў Гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Гісторык, доктар гістарычных навук выказвае спачуванне калегам. “Выкладнік Ігар Кузьмініч, дацэнт Андрэй Чарнякевіч і прафесар Вячаслаў Швед сталі ахвярамі прафесійнай дзейнасці. Яны пацярпелі за гістарычную рэчаіснасць”, - кажа Алесь Краўцэвіч:
- Гэта палітычная справа з боку ўлады, з боку аўтараў падручніка “Гродназнаўства” – гэта не палітыка. Яны не сябры палітычных партый, яны не бяруць удзелу ў палітычным жыцці, яны не ідуць пад сцягамі апазіцыі. Яны проста пішуць гісторыю свайго горада, а трапілі пад гэтую разборку выпадкова. Вось яны не напісалі пра гісторыю Гародні пасля 1994 года, у іх на здымках салдаты ідуць пад бел-чырвона-белым сцягам. Канешне, гэта палітычная справа супраць волі аўтараў гэтага падручніка.
У сакавіку 1995 года ў выніку змены палітычнай сітуацыі ў краіне Алесь Краўцэвіч быў вымушаны пакінуць пасаду прарэктара Гарадзенскага ўніверсітэта. Цяпер выкладае ў польскіх вышэйшых навучальных установах. У 2001 годзе абраны Старшынём выканкама Рады Беларускага Гістарычнага Таварыства.