Партыя БНФ ідзе на Мясцовыя выбары
На сойме Партыі БНФ прынята рашэнне пра ўдзел у мясцовых выбарах.
Функцыі штаба па падрыхтоўцы да іх ускладзены на ўправу партыі, якая павінна распрацаваць план паўнавартаснага ўдзелу ў выбарах. Па словах старшыні партыі Аляксея Янукевіча, паўнавартасны ўдзел прадугледжвае вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты, назіральнікаў і сябраў выбарчых камісій.
– Пытанне матывацыі людзей станавіцца кандыдатамі на мясцовых выбарах сёння стаіць вельмі востра. Аднак ужо зараз ёсць папярэднія спісы прынамсі па шэрагу структураў. Іншыя структуры таксама неўзабаве гэтыя структуры сфармуюць. Я перакананы, што мы належным чынам падрыхтуемся і возмем годны удзел. Было пытанне палітычнай сітуацыі, тут былі дадзеныя агульныя ацэнкі перамоваў унутры дэмакратычных сілаў. Мы аценьваем стан супрацоўніцтва сёння як недастатковы.
Па словах Аляксея Янукевіча, зараз цяжка казаць пра нейкія сумесныя стратэгічныя дзеянні на ўзроўні вядучых 7 апазіцыйных партый і аб'яднанняў. «Разгортваецца і развіваецца ў канструктыўным кірунку партнёрства паміж Партыей БНФ, Рухам "За свабоду" і грамадзянскай кампаніяй "Гавары праўду". Магчыма, менавіта ў такім фармаце мы будзем супрацоўнічаць падчас падрыхтоўкі і правядзення кампаніі мясцовых выбараў», – сказаў Аляксей Янукевіч.
* * *
Ігнараваць мясцовыя выбары нельга, лічыць кіраўнік Гарадзенскай арганізацыі Партыі БНФВадзім Саранчукоў. Пытанне фармату ўдзелу ў іх было асноўным пытаннем сойму партыі, які прайшоў у Менску 6 красавіка. Удзел у гэтай выбарчай кампаніі трэба разглядаць у звязку з прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй 2015 года.
– Усе сябры сойму, усе выступоўцы пагадзіліся з тым, што ігнараваць гэтую падзею нельга. Мы сыходзім з таго, што гэтыя выбары стануць яшчэ адным этапам для падрыхтоўкі кампаніі 2015 года, для таго, каб можна было сапраўды аб'яднаць дэмакратычныя апазіцыйныя сілы і ў тым ліку праз увасабленне нейкай персанальнай альтэрнатывы на месцах. Гэтым будзем займацца падчас выбараў у мясцовыя саветы.
«У той жа час трэба разумеюць, што як такавых выбараў у сённяшняй Беларусі: свабодных, справядлівых, з сумленным падлікам галасоў – не існуе. Тым не менш, удзельнічаць у выбарчай кампаніі, у легальнай палітычнай барацьбе, працы з насельніцтвам неабходна. І асабіста я буду ўдзельнічаць у гэтай кампаніі», – кажа Вадзім Саранчукоў.
* * *
"Удзел у кампаніі мясцовых выбараў дазволіць дэмакратычным партыям узмацніць свае структуры. А таксама падрыхтаваць іх да будучых прэзідэнцкіх выбараў", – так палітолаг Юрась Чавусаў ацэньвае рашэнне сойму Партыі БНФ прыняць паўнавартасны удзел у мясцовых выбарах. Гэтыя выбары хутчэй за ўсё адбудуцца ў студзені, але выбарчая кампанія пачнецца ўжо ў кастрычніку бягучага года, прагназуе Чавусаў.
– У сённяшніх умовах у Беларусі няма справядлівага падліку галасоў, адпаведна гэтыя выбары можна толькі ўмоўна разглядаць як выбары, гэта хутчэй нагода для актыўнай камунікацыі з насельніцтвам. Практыка паказвае, што тыя структуры, якія выкарыстоўваюць гэтыя магчымасці падчас пармаленцкіх, падчас мясцовых выбараў, захоўваюцца як агульнанацыянальныя структуры. І пасля на глебе гэтых рэгіянальных разгалінаваных арганізацыяў можна рабіць агульнанацыянальныя кампаніі, напрыклад, у часе прэзідэнцкіх выбараў.
Па словах Юрася Чавусава, хаця ў беларускай дэмакратычнай апазіцыі зараз няма стратэгічнага адзінства, але яна здольная дамаўляцца па тактычным пытанням. Напрыклад, разам праводзіць вулічныя мерапрыемствы. У гэтым жа шэрагу знаходзіцца і ўдзел у мясцовай выбарчай кампаніі. Ёсць верагоднасць, што ўдасцца каардынаваць сумесныя дзеянні падчас яе правядзення. І тады павышаецца верагоднась сумеснага сцэнару падчас прэзідэнцкіх выбараў, лічыць Юрась Чавусаў.