Пераможца «Эўрабачаньня» Ларын са сцэны вітала Бяляцкага
Швэдзкая сьпявачка Ларын выказала салідарнасьць з праваабаронцам Алесем Бяляцкаму падчас канцэрту ў Стакгольме.
Пераможца конкурсу «Эўрабачаньне» Ларын ў Стакгольме,
падчас канцэрту для
удзельнікаў міжнароднай канфэрэнцыі па пытаньнях бясьпекі праваабаронцаў,
перадала прывітаньне беларускаму палітвязьню Алесю
Бяляцкаму, з сям’ёй якога яна летась сустракалася ў Менску. Пра гэта
распавяла калега Бяляцкага з праваабарончага цэнтру «Вясна» Тацяна Равяка.
«Там быў канцэрт Ларын. Як памятаеце, яна ўлетку прыяжджала
ў Беларусь і сустракалася з праваабаронцамі, з жонкай Алеся
Натальляй. І калі Ларын выступала, то яна таксама згадвала Алеся.
Такім чынам, яна не забыла гэтую гісторыю, не забыла Алеся
і са сцэны вітала яго і ўсіх праваабаронцаў, якія свабодай
заплацілі за сваю дзейнасьць».
Канфэрэнцыю праваабаронцаў у Стакгольме ладзіла праваабарончая арганізацыя
«Абаронцы грамадзянскіх правоў». У форуме бралі ўдзел прадстаўнікі больш
як 20 краінаў сьвету, ў тым ліку такіх, дзе ідуць войны
і дзе правы людзей моцна парушаюцца. Праваабаронцы з больш спакойных
краін абмяркоўвалі, як можна дапамагчы сваім калегам. Паводле Тацяны Равякі падчас канфэрэнцыі
шмат разоў згадвалі Беларусь і лёс кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага.
«Канешне, там пра Алеся згадвалі, вісеў у прыватнасьці банэр з імем
Алеся. Яшчэ на сцэне дэманстратыўна было ўсталявана незанятае
крэсла — яно сымбалічна прызначалася праваабаронцу, які зараз знаходзіцца
ў турме. Гэта як сымбаль чаканьня, калі людзі выйдуць на волю».
Палітвязень бабруйскай калёніі Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года
зьняволеньня за нібыта утойваньне прыбыткаў з-за мяжы. Гаворка пра грошы,
якія праваабаронца атрымліваў і перадаваў на дапамогу ахвярам
палітычных рэпрэсій у Беларусі.