viasna on patreon

Андрэй Гайдукоў застаецца ў СІЗА КДБ яшчэ на месяц

2013 2013-04-08T14:26:38+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gajdukou-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Гайдукоў

Андрэй Гайдукоў

Следчая група Віцебскай абласной управы КДБ працягвае расследваць "шпіёнскую справу", паводле якой 23-гадовы наваполацкі актывіст, аператар "Нафтану" Андрэй Гайдукоў абвінавачаны ў "здрадзе дзяржаве". Ніякіх падрабязнасцяў расследвання, якое цягнецца ўжо шосты месяц, дагэтуль няма, -- "шпіёнская справа" застаецца таямніцай.

Паводле Вольгі Гайдуковай, маці арыштаванага і абвінавачанага у супрацоўніцтве з замежнымі спецслужбамі Андрэя Гайдукова, нейкія звесткі яна можа атрымаць толькі праз адваката:

"Адвакат быў у Андрэя 29 сакавіка. Але што ён мне можа сказаць? Што жывы і здаровы, што настрой добры. Адвакат хадзіў у СІЗА КДБ па маёй просьбе. Следчыя дзеянні праводзяцца рэдка, туды адваката выклікаюць рэдка. І ён нічога не распавядае, бо даў падпіску пра таямніцу следства. Так што нічога не ведаю, жыву як у нейкім балоце, і невядома што будзе заўтра. Вось з 8 красавіка яшчэ раз працягнулі тэрмін следства. Яшчэ на месяц, і так ужо шосты раз. Што там адбываецца з Андрэем, мы не ведаем".

Яшчэ некалькі месяцаў таму Вольга Гайдукова звярталася да следчага, каб ёй дазволілі асабістую сустрэчу з сынам. Але атрымала адмову: ёй сказалі, што пусцяць да сына толькі "пасля сканчэння следства ці перад судом". Больш яна трапіць у СІЗА КДБ не спрабуе – лічыць гэта справай безвыніковай:

"Я толькі сяджу і думаю: што ж там адбываецца? У першых лістах Андрэй нешта спрабаваў тлумачыць, пісаў, што "абвінавачанні абсурдныя", што "фальсіфікацыі". Потым было некалькі лістоў з закрэсленымі цэнзурай радкамі. Цяпер ён піша толькі пра пабытовыя рэчы: напэўна ж, зразумеў, што інакш лістоў мы не атрымаем увогуле. І мы пішам толькі пра бытавое: што перадаць, якую газету выпісаць. Нас нікуды не выклікаюць, і я даўнавата не чула, каб на нейкія допыты выклікалі сяброў Андрэя. Усё робіцца ціха, а што будзе ў выніку? Але што б ні было, я ніколі не паверу ў ягоную вінаватасць. На мой погляд, супраць яго была ўчынена нейкая правакацыя".

Андрэя Гайдукова затрымалі ў Віцебску 8 лістапада мінулага года – нібыта падчас "закладкі тайніка" са звесткамі для замежных спецслужбаў. Маці не можа сабе ўявіць, каб нейкія сакрэтныя дзяржаўныя таямніцы мог ведаць 23-гадовы рабочы, студэнт-завочнік полацкага ўніверсітэту … Адзінае, з чым яна звязвае яго арышт – гэта з грамадскай дзейнасцю:

"Ён жа актыўны, газеты разносіў, быў у групе Саннікава на прэзідэнцкіх выбарах, падтрымліваў незалежную кандыдатку Валяеву на нашых мясцовых. На акцыі хадзіў, "Саюз маладых інтэлектуалаў" хацеў рэгістраваць"… Але каб нейкія сакрэтныя звесткі – тут я не веру!"

На мінулым тыдні стала вядома, што ў шпіёнскай справе паменела на аднаго падазраванага. Ілля Багднаў, сябар аргкамітэта па стварэнні партыі БХД, у снежні мінулага году быў выкліканы на допыт па справе Гайдукова  -- спачатку ў якасці сведкі, а потым яму абвясцілі, што ён ужо ў статусе падазраванага. Напрыканцы сакавіка следчы перастаў лічыць Багданава падазраваным у "шпіёнскай справе", цяпер ён зноў з'яўляецца сведкам. Ніякіх мер стрымання ў дачыненні да Іллі Багданава не прымянялася. Адно што ў яго дома і на працы былі праведзены ператрусы.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства