Гомель: міліцыя, «хуткая дапамога» і гарвыканкам – супраць мітынгу «левых» на 1 мая
У Гомелі міліцыя і «хуткая дапамога» адмаўляюцца заключаць дамовы з апазіцыянерамі, якія падаюць заяўкі на мітынгі і пікеты, спасылаючыся на нарматыўныя акты, згодна якім платныя дамовы можна заключаць толькі пасля дазволу на масавае мерапрыемства гарвыканкаму. Гарвыканкам жа не дае дазволу, пакуль не заключаны дамовы. Нагадаем, што ў Гомелі ў наступным 2014 годзе можна будзе адзначаць 10 гадоў з таго часу, як у горадзе афіцыйна быў дазволены апошні мітынг ці пікет, ініцыяваны апазіцыяй.
Раней, калі прадстаўнікам апазіцыі адмаўлялі ў правядзенні мітынгаў і пікетаў, гарвыканкам матываваў адмову тым, што не заключаны дамовы з міліцыяй, камунальнымі службамі і «хуткай дапамогай» - як таго патрабуе рашэнне гарвыканкаму. Калі ж старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Уладзімір Сякерка, выконваючы рашэнне гарвыканкаму, паспрабаваў заключыць дамовы, то яму было адмоўлена – у міліцыі і «хуткай дапамозе».
1 мая 2013 году гомельскія «левыя» планавалі правесці мітынг, заяўку на правядзенне якога накіравалі ў гарвыканкам яшчэ ў сакавіку. І паспрабавалі загадзя заключыць дамовы з адпаведнымі структурамі. Але не ўдалося - бо міліцыя спасылаецца, што нельга заключыць дамову, пакуль няма рашэння гарвыканкаму аб дазволе на мітынг. А гарвыканкам дазволу не дае, пакуль міліцыя не заключыць дамову. Такое замкнёнае кола. Апазіцыянеры ў бліжэйшы час плануюць звярнуцца за тлумачэннем ў гарвыканкам, каб ім распавялі – як можна на практыцы выканаць іх рашэнне.
«Абмежаванні правоў грамадзян дакладна прапісаны ў Канстытуцыі і пашыранаму тлумачэнню не падлягаюць. Але на практыцы выходзіць так, што рашэнне Гомельскага гарвыканкаму нельга прымяніць на практыцы: адмысловыя службы не заключаюць дамовы, пакуль няма дазволу, а дазволу няма, пакуль няма дамоваў», - пракаментаваў Уладзімір Сякерка.
Ён, пасля выкарыстання ўсіх сродкаў унутранай прававой абароны збіраецца звяртацца са скаргай у Камітэт па правах чалавека ААН.