viasna on patreon

У абарону незалежных фатографаў

2013 2013-04-09T14:24:21+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/belarus-press-photo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

РГА "Беларускі ПЭН-Цэнтр" звяртаецца з заявай у абарону незалежных фатографаў. Як паведамляюць сродкі масавай інфармацыі, нядаўна заведзеная справа супраць Юліі Дарашкевіч і Вадзіма Заміроўскага, арганізатараў творчага конкурсу Belarus Press Photo-2011, і ў бліжэйшыя дні па ёй павінна адбыцца судовае разбіральніцтва.

РГА "Беларускі ПЭН-Цэнтр" з'яўляецца зарэгістраваным ва ўстаноўленым парадку добраахвотным грамадскім аб'яднаннем, адной з галоўных мэтаў дзейнасці якога з'яўляецца супрацьдзеянне любым абмежаванням і пераследам грамадзян Беларусі у рэалізацыі іх права на свабоднае выказванне сваіх думак і поглядаў. Гэтае права гарантаванае, у прыватнасці, артыкулам 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзе гаворыцца:

"Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. Ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб'яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца".

Рада РГА "Беларускі ПЭН-Цэнтр" разглядае дзеянні адказных за ўзбуджэнне названай справы асоб як праяву пераследу вышэйзгаданых журналістаў за іх творчасць і іх перакананні, што наўпрост супярэчыць прыведзенаму вышэй артыкулу Канстытуцыі, а таксама ўзятым на сябе Рэспублікай Беларусь міжнародным абавязацельствам у галіне абароны найважнейшых правоў чалавека.

Заклікаем адпаведныя дзяржаўныя органы спыніць незаконны пераслед журналістаў і творцаў. Пры гэтым мы пакідаем за сабой права паінфармаваць міжнародную супольнасць аб фактах парушэння правоў на свабоду выказвання і творчай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь.

 Андрэй Хадановіч, старшыня РГА "Беларускі ПЭН-Цэнтр"

Паводле lit-bel.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства