Гомельская пракуратура заводзіць справу супраць журналіста Анатоля Гатоўчыца
Гомельскі КДБ апытвае суразмоўцаў журналіста, пракуратура заводзіць справу супраць журналіста Анатоля Гатоўчыца, які працуе рэгіянальным карэспандэнтам БелаПАН, завяла пракуратура Гомельскай вобласьці, паведамляе сайт Беларускай Асацыяцыі Журналістаў.
17 сакавіка Анатоля Гатоўчыца выклікалі павесткай у пракуратуру. Начальнік аддзела агульнага нагляду Аляксандр Елісееў азнаёміў яго з раздрукоўкамі інфармацый з сайту “Радыё Свабода”. Да раздруковак прыкладаліся пратаколы апытаньня супрацоўнікамі ўпраўленьня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Гомельскай вобласьці службовых асобаў дзяржустаноў. Меркаваньні гэтых людзей цытаваліся ў матэрыялах журналіста.
Пытаньні супрацоўнікі КДБ задавалі адны і тыя ж: ці давалі яны сваю згоду на правядзенне інтэрвію амэрыканскай радыёстанцыі? Ці ведалі, што журналістам ажыцьцяўляецца аўдыё (відэа) запіс гутаркі і ці давалі на гэта згоду? Калі б было вядома пра факт выкарыстаньня размовы ў якасьці інтэрвію для “Радыё Свабода”, ці далі б на гэта згоду? Апытаныя адказвалі на гэтыя і іншыя пытаньні адмоўна.
На падставе матэрыялаў супрацоўнікаў КДБ пракуратура зрабіла выснову, што Анатоль Гатоўчыц працягвае незаконна ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць у інтарэсах замежных СМІ і не папярэджвае суразмоўцаў аб тым, што ажыцьцяўляе запіс размоваў. У сакавіку 2006 года журналіст атрымаў афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці парушэньня п.9 “Палажэньня аб знаходжаньні і прафэсійнай дзейнасьці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прадстаўніцтваў і акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь карэспандэнтаў замежных СМІ”.
Цяпер журналіста вінавацяць у “невыкананьні выражанага ва ўстаноўленай заканадаўчай форме патрабаваньня службовай асобы, якая ажыцьцяўляе дзяржаўны нагляд…” (арт. 23.1 КоАП). Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні ад 17 сакавіка 2007 году пракуратура накіравала ў суд.
З выкладзенымі ў пратаколе прэтэнзіямі А.Гатоўчыц ня згодны: “Я журналіст і займаюся журналістыкай. Прэтэнзіі ўпраўленьня КГБ і пракуратуры – гэта найперш абмежаваньне на прафэсію. А таксама фактычнае абмежаваньне службоўцам на кантакты з прадстаўнікамі недзяржаўных СМІ, што парушае, з аднаго боку, прынцып галоснасьці дзейнасьці дзяржаўных устаноў, а з другога – зьяўляецца ўшчамленьнем масавай інфармацыі”, – выказаў ён сваё меркаваньне службе маніторынгу БАЖ. Анатоль Гатоўчыц працуе рэгіянальным карэспандэнтам інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Падрыхтоўка аўдыёматэрыялаў уваходзіць у яго абавязкі згодна з працоўным кантрактам.