Ян Мельнікаў пакараны штрафам за бел-чырвона-белы сцяг
Актывіст руху «За свабоду» Ян Мельнікаў пакараны штрафам за бел-чырвона-белы сцяг, з якім ён віншаваў мінчукоў з Днём Волі 25 сакавіка. Суддзя суду Савецкага раёна Менска Аксана Рэлява звінаваціла яго ў парушэнні часткі 2 арт. 23.34 КаАП (арганізацыя несанкцыянаванай акцыі) і прысудзіла да штрафу ў памеры 22 б.в.
Назіральнікі, якія сачылі за працэсам адзначаюць, што суддзя прыняла рашэнне толькі на падставе рапарту супрацоўнікаў міліцыі, а таксама фотаздымкаў з электронных СМІ.
Дзіўным і абсурдным выглядае і прымяненне часткі 2 артыкула 23.34 (арганізацыя масавага мерапрыемства, несанкцыянаванага ўладамі), паколькі цяжка ўявіць, якім чынам адзіны удзельнік акцыі можа арганізаваць яе.
Нагадаем, што 25 сакавіка ў Менску а 19 гадзіне актывіст Ян Мельнікаў правёў на плошчы Якуба Коласа акцыю. Ён разгарнуў бела-чырвона-белы сьцяг, раздаў улёткі і павіншаваў мінакоў з Днём Волі. Акцыя доўжылася каля 10 хвілінаў.