Цяпер правядзенню пікета ў Віцебску замінае… бокс
Віцебскія актывісты атрымалі ліст ад “хуткай дапамогі”, якая адмовілася ад дзяжурства на пікеце 12 красавіка. Прычына адмовы – занятасць медыкаў на спаборніцтве па боксу. Мінулым разам лекары цэнтральнай паліклінікі спасылаліся на "успышку сезонных захворванняў " у Дзень Волі і не сталі заключаць дамову з актывістамі на гэтай падставе. А без дамоваў пікеты не дазваляюць.
Віцебскія актывісты Аляксей Гаўруцікаў, аднапартыец палітвязня Мікалая Статкевіча, і кіраўнік абласной структуры руху "За Свабоду" Хрыстафор Жаляпаў хацелі правесці 12 красавіка пікет салідарнасці з палітзняволенымі, а таксама супраць збяднення беларускага насельніцтва. Заяўку падалі ў Першамайскую раённую адміністрацыю, бо хацелі правесці акцыю ў адмыслова вызначаным для гэтага месцы – Парку 30-годдзя ВЛКСМ на тэрыторыі Першамайскага раёна.
Раённая адміністрацыя адмовіла, спаслаўшыся на рашэнне Віцебскага гарвыканкаму. Згодна з ім, акцыі дазваляюцца толькі ў тым выпадку, калі заключаны адмівы з ЖКГ, лекарамі і супрацоўнікамі міліцыі. Служба хуткай дапамогі ўхілілася ад гэтага, напісаўшы, што "брыгадамі будзе ажыццяўляцца абслугоўванне рэспубліканскай універсіяды па боксу". Адпаведна, раённая адміністрацыя чарговы раз працытавала рашэнне Віцебскага гарвыканкаму "Аб масавых мерапрыемствах" і адмовіла актывістам.
Такім чынам, адхілена чарговая заяўка прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, якім за апошнія 3 гады афіцыйна не дазволілі правесці ніводнай акцыі. Адказныя службы адмаўляюцца ад заключэння дамоваў з апазіцыянерамі любымі верагоднымі шляхамі.
Хрыстафор Жаляпаў спрабаваў у падобнай сітуацыі прымусіць медыкаў заключыць дамову праз суд. Але ў Кастрычніцкім райсудзе пастанавілі, што прымусіць заключыць дамову нельга – што кожная структура можа кіравацца ў гэтым сэнсе ўласнымі меркаваннямі. Атрымліваецца, што адказным службам можна не заключаць дамоваў, без якіх дазвол на акцыю атрымаць немагчыма, бо гэта ўмова гарвыканкаму.
Актывісты неаднаразова спрабавалі ініцыяваць змены ў рашэнні мясцовых уладаў, бо толькі ў Віцебску спачатку патрабуюць дамоваў, каб потым даваць ці не даваць дазвол на масавае мерапрыемства. У іншых гарадах парадак адваротны. Але ў гарвыканкаме змяніць рашэнне не пагаджаюцца: кажуць, што яно прайшло юрыдычную экспертызу і ўнесена ў рэестр прававых актыў РБ, а значыць, яно бездакорнае. Так лічаць чыноўнікі, і адмаўляюць актывістам.