25 сакавіка будуць названыя лаўрэаты прэміі Партыі БНФ
Аргкамітэт прэміі Беларускага Народнага Фронту апублікаваў сьпіс намінантаў на званьне лаўрэатаў. Сярод названых асобаў фігуруюць вядомыя ў Беларусі палітыкі, музыкі і навукоўцы, паведаміла прэс-служба Партыі БНФ.
Прэмія падтрымлівае ініцыятывы, зрэалізаваныя на працягу апошняга году. На званьне лаўрэата ў намінацыі "Грамадзкая чыннасьць" прэтэндуюць палітык/публіцыст Павел Севярынец, арганізатарка круглых сталоў па праблемах веравызнаньня ў Беларусі Валянціна Трыгубовіч, звольненая з працы выкладчыца Іна Кебікава, якой удалося дабіцца аднаўленьня.
У намінацыі "Культура" вылучаныя музыка Зьміцер Сасноўскі, адзін з заснавальнікаў "Свабоднага тэатра" Уладзімір Шчэрбань і музычны прад'юсэр Віталь Супрановіч. У намінацыі "Адукацыя/навука", адпаведна, вылучаныя выдавец Зьміцер Колас, аўтар ідэі балта-чарнаморскага энэргетычнага калектара Станіслаў Гусак і эканаміст Валер Дашкевіч, апошні - пасьмяротна.
Лаўрэаты прэміі будуць названыя 25 сакавіка.
Рашэньне пра заснаваньне прэміі было прынята два месяцы таму на Управе Партыі БНФ. Заснавальнікам і арганізатарам прэміі зьяўляецца грамадзкае аб'яднаньне БНФ "Адраджэньне". Паводле прынятай канцэпцыі, прэмія адзначае выбітныя дасягненьні ў галіне грамадзкай чыннасьці, культуры, навукі і адукацыі, "скіраваныя на умацаваньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, яе культурнай ідэнтычнасьці, сцверджаньне каштоўнасьцяў свабоды і дэмакратыі ў нашай краіне".
У склад журы прэміі увайшлі мастацтвазнаўца Вацлаў Арэшка, фатограф Ігар Крашэўскі, перакладчык Лявон Баршчэўскі, палітыкі Вінцук Вячорка і Аляксей Янукевіч, грамадзкая актывістка Валянціна Сьвяцкая, рэжысэр Сяргей Патаранскі. Старшынём журы абраны мастак Аляксей Марачкін.