Паліна Качаткова: Быць праваабаронцам для пісьменьніка карысна
Імя Паліны Качатковай многія звыклі атаясамліваць з праваабарончай дзейнасьцю, з цэнтрам «Вясна», дзе яна шмат гадоў працавала.
Таму яе кніга прозы «Матылі» для шмат каго сталася неспадзяванкай. Штодзённае знаходжаньне на вастрыі чужога болю — ці спрыяе гэта мастацкай творчасьці? Ці лёгка напісаць кнігу супольна з аўтарам, які знаходзіцца за кратамі?
Паліна Качаткова - у «Вольнай студыі» на Радыё “Свабода”.
— Паліна, калісьці даволі даўно, гадоў дваццаць таму, выйшаў
у сьвет зборнік кароткай прозы пад назвай «Перад тваімі вачыма», дзе былі
надрукаваныя два твае апавяданьні. З тае пары я чакаў тваю кнігу.
Чаму так доўга давялося чакаць?
— І я з тае пары чакала. І нарэшце дачакалася. Адно
з тых даўніх апавяданняў — «На вакзале» — мне і цяпер
вельмі сымпатычным падаецца. А чаму так доўга... Гэта пытаньне
да выдаўцоў. Я ня ведаю, чаму ў мяне дагэтуль не было
кнігі. Я ня ведаю, як так атрымалася, што яна адносна нядаўна
выйшла. Можа, у мяне лёгкая ступень аўтызму ці сацыяльная наіўнасьць,
але я сапраўды ня ведаю, як выходзяць кнігі, што пісьменьніку
трэба для гэтага рабіць. Летась да мяне падышоў Барыс Пятровіч
і прапанаваў выдаць кнігу ў сэрыі «Кнігарня пісьменьніка».
Я даслала тэкст, і кніга вышла.
— «Матылі» ўваходзілі ў лонг-ліст сёлетняй прэміі Гедройца. Шчыра
кажучы, я не спадзяваўся, што ты станеш ляўрэаткай, але мне было
проста прыемна бачыць там тваё імя, як і імёны Андрэя Федарэнкі
і Алены Брава. У маіх вачах гэта падвышала саму прэмію. Калі журы
цябе адсеяла, ты перажывала?
— Я не перажывала. Гэта іншае пачуцьцё. Я была вельмі
зьдзіўленая. Мяне абурыла тое, што
ўжо другі год сярод ляўрэатаў прэміі Гедройца няма жанчынаў — гэта
гендэрная дыскрымінацыя, якая вельмі характэрная для нашага традыцыйнага
грамадзтва. Хаця ў гэтым годзе на прэмію намінавался кніга Алены
Брава «Рай даўно перанаселены», якая вартая прэміі. Сёлетні ляўрэат Уладзімер
Някляеў у інтэрвію Радыё Свабода сказаў, што прэмія дае дадактовую энэргію
для творчасьці. Думаю, гэтую энэргію мусяць атрымліваць ня толькі
літаратурныя «цяжкавагавікі». Энэргія патрэбная і тым аўтарам, якія
аніякіх прэмій ніколі ў жыцьці не атрымлівалі.
— Калі чытаў тваіх «Матылёў», я зразумеў, што падабенства прозы
і паэзіі яшчэ і ў адсутнасьці лішніх словаў. Ад каго
ў цябе такі выкшталцоны ляканічны стыль?
— Ад маці, напэўна, ад маці. Мая маці вельмі адчуальная
да словаў. І лічыць, што я гавару шмат лішняга. Таму, пішучы,
я вельмі ашчадна стаўляюся да пабудовы сказа, старанна падбіраю
менавіта тое слова, якое патрэбнае. Таму і пішу вельмі марудна. Для мяне
гэта цяжкі працэс. Я мысьлю вобразамі, але не атрымліаю
задавальненьня ад пераносу гэтых вобразаў на паперу. Я заўсёды
імкнулася пісаць так, каб праз словы, сынтаксычныя канструкцыі ствараць іншую
рэальнасьць. Каб заставалася ўражаньне, як ад сьненьня. Быццам
прачынаесься, а ўсё ня можаш адысьці ад сну, працягваеш думаць
пра тое, што прысьнілася. Нібыта ў сьне было ўсё,
як і на яве, а ўсё ж іначай. Мной вельмі мала
напісана, бо я хачу, каб тэксты не былі пустымі.
На вокладцы «Матылёў прыводзіцца цытата: «Ёсьць словы, якія ня варта
гаварыць». Гэта, дарэчы, сказана маёй маці. Так яна мне гаворыць.
— «Матылі» якраз і падабаюцца мне сваёй мовай —
не плястмасавай, не дыстыляванай, як часам бывае ў сучасных
творцаў. Роўнай, як дыханьне. А як ты ставісься
да трасянкі, на якой маладыя пісьменьнікі пішуць цэлыя кнігі?
— У штодзённым жыцьці, у размовах і перапісцы (напрыклад,
па скайпе) я сама часам карыстаюся трасянкай. Вядома, каб я была
чараўніцай і магла рабіць цуды, то зрабіла б так, каб усе
гаварылі на выкшталцонай беларускай мове. На жаль, сёньня
трасянка — гэта частка нашай рэчаіснасьці. Але кніг на трасянцы
я не чытала. Сама пісаць на ёй ні ў якім разе
не пляную. Але на побытовым узроўні, паўтаруся, трасянка цалкам
дапушчальная.
— На сайце kаmunikat.org я з задавальненьнем прачытаў
твой раман «Паэт» — пра Максіма Багдановіча. На жаль, ён існуе
пакуль толькі ў электронным выглядзе. Пра Багдановіча, як мне
падаецца, вядома літаральна ўсё. Ці засталіся для цябе нейкія неадкрытыя
таямніцы ў ягоным жыцьцяпісе?
— Насамрэч пра Максіма Багдановіча мы вельмі мала ведаем. Жыцьцё
яго — таямніца. Архіў паэта быў страчаны падчас Другой сусьветнай вайны.
Памятаю, як у 10-ай клясе перад самымі выпускнымі іспытамі
я пачала чытаць кнігу Міхася Стральцова «Загадка Багдановіча». Кніга
захапіла мяне, постаць Багдановіча была прыцягальнай, таямнічай
і містычнай, а ўсё загадкавае, таямнічае і містычнае мяне
заўсёды вабіла. Багдановіч так і застаўся загадкай, хаця і зразумела,
што я ведаю пра Багдановіча значна больш, чым шэраговы чытач. Вядома, што
ў 20-я гады, калі ў Інбелкульце апрацоўвалі архіў паэта, перададзены
ягоным бацькам, Адамам Багдановічам, праца была ня скончаная. Людзі, якія
займаліся архівам, былі рэпрэсаваныя. Ня выйшаў і заплянаваны трэці
том Збору твораў, у якім мусіла быць перапіска паэта... Для мяне асабіста
таямніцай застаецца сяброўства Максіма Багдановіча з Дыядорам Дзябольскім,
якому прысьвечаны верш «Быць можа, пуціна жыцьця / лягла пярсьцёнкам,
друг. / I я ў краіне забыцьця / ня раз раджаўся,
як дзіця, / прайшоўшы поўны круг». У часы сталінскіх рэпрэсій Дыядор
Дзябольскі быў арыштаваны як сябра таемнай суполкі ілюмінатаў.
Ён цікавіўся астраноміяй, яны з Максімам Багдановічам часта гаварылі
пра зоркі, і таму ў вершах паэта Багдановіча шмат зорак
і камэтаў. Дыядор Дзябольскі пасьля вызваленьня зь лягеру напісаў
вельмі кранальныя ўспаміны пра Максіма Багдановіча, але шмат што засталося
і па-за ўспамінамі. Менавіта пра гэтае сяброўства
я і паспрабавала распавесьці ў рамане «Паэт».
— Я вельмі паважаю тых пісьменьнікаў, якія апрача сваіх рыхтуюць
да выданьня кнігі тых, хто сам гэтага зрабіць ня можа. У тваім
выпадку я маю на ўвазе літаратуразнаўчую кнігу Алеся Бяляцкага
«Асьвечаныя беларушчынай». Складана было працаваць з аўтарам, які
знаходзіцца ў турме?
— Мне было прыемна працаваць зь Бяляцкім, нягледзячы на тыя
ўмовы, у якіх ён сёньня знаходзіцца. Мы ўсе
ў пэўным сэнсе ў турме, нават тыя, хто на волі. Кнігу
«Асьвечаныя беларушчынай» Алесь Бяляцкі плянаваў выдаць да свайго
50-годзьдзя. Ён пачаў яе рабіць, але не закончыў,
бо 4 жніўня 2011 году быў арыштаваны. Я дапамагла Алесю
закончыць. Праца ішла праз ліставаньне. І лісты акуратна даходзілі, апрача
карэктуры, якая так і ня трапіла на вычытку аўтару. Цяпер
мы з Алесем Бяляцкім працягваем сумесную працу — пішам кнігу пра
Літаратурны музэй Максіма Багдановіча ў Менску, дзе амаль дзесяць гадоў
ён быў дырэктарам, а я — супрацоўніцай.
— Бяляцкі ў турме ўжо амаль год з паловай.
Як ты лічыш, ці дастаткова беларускае грамадзтва праяўляе сваю
салідарнасьць зь ім?
— Бяляцкі цягам 15 гадоў дапамагаў людзям. Я гэта бачыла
на свае вочы. І сёньня чым болей будзе аб’ектыўнай інфармацыі пра
Алеся, тым лепей. Гэта вельмі важна ў кантэксьце той кампаніі шальмаваньня,
якая вядзецца супраць яго ў дзяржаўных СМІ — пачынаючы ад БТ
і ОНТ да раённых газэтаў. Алесь ведаў, што можа трапіць
у турму — за абарону правоў чалавека. Зрэшты, ён ведаў, што
можа трапіць за краты, яшчэ з 1983 году, калі пачаў прымаць
удзел у моладзевых суполках, якія ставілі сабе за мэту незалежнасьць
Беларусі. Падчас у працы ў «Вясьне» Алесь аказваў рэальную дапамогу
людзям. І цяпер, калі ён за кратамі, любая праўдзівая інфармацыя
зьяўляецца падтрымкай для Алеся. Гэта тое, чым мы можам яму дапамагчы.
І тут няма абмежаваньняў.
— Нядаўна ўсе сайты абляцела сэнсацыя — знойдзеныя невядомыя
сцэнары Ўладзімера Караткевіча. Я ведаю, што і ты займаесься
сцэнарапісаньнем. Гэта патрэба душы, ці нешта менш прыемнае?
— Мне, вядома ж, хацелася б быць такой паветранй феяй, якая ўсё
робіць дзеля патрэбаў душы. Але так не атрымліваецца, хаця я імкнуся
спалучаць. Я супраць сьмяротнага пакараньня, таму пішу сцэнары
па гэтай тэме. Я хачу, каб людзі даведаліся
і зразумелі, як гэта жахліва. Большасьць людзей выступае
за сьмяротнае пакараньне, але мала хто ведае, як яно адбываецца.
Да таго ж, у краінах з дыктатарскім рэжымам сьмяротнае
пакараньне можа выкарыстоўвацца для расправы з палітычнымі апанэнтамі,
а таксама для зьнішчэньня сьведкаў злачынства ўладаў. Я не пішу
сцэнары пра тое, што мне не цікава. Апошні зацьверджаны сцэнар —
«Людвіка». Фільм пра Людвіку Кардзіс — адданую беларуску, якая спрабуе
адрадзіць беларускі музэй у сучаснай Вільні, пра повязь часоў
і пераемнасьць пакаленьняў віленскіх беларусаў. Пра трагічныя лёсы
беларускіх дзячоў і беларускай культуры на сучасным этапе, калі
ў самой Беларусі пануе аўтарытарны рэжым Лукашэнкі.
— Ты шмат гадоў займалася праваабарончай дзейнасьцю ў цэнтры
«Вясна». Быць праваабаронцам для пісьменьніка карысна? У сэнсе
знаходжаньня сюжэтаў і г.д.
— Вельмі карысна. Асабліва ў пляне засваеньня гуманістычных
і антыталітарных каштоўнасьцяў. Пісьменьнік мае магчымасьць атрымаць пэўны
сфакусаваны погляд на жыцьцё. Падчас працы ў праваабарончым цэнтры
«Вясна» мы з Тацьцянай Равяка і Тацьцянай Сьнітко зрабілі
дакумэнтальную кнігу «Трагэдыя на Нямізе». Тады да нас зьвярталася
бацькі загінулых, яны апавядалі свае гісторыі. І было б вельмі
крыўдна і несправядліва, каб усё гэта бясьсьледна зьнікла. Так што
праваабарончая дзейнасьць дае шмат. У мяне апошнім часам узьнікла такая
думка — добра было б правесьці нейкі сэмінар для пісьменьнікаў, дзе
патлумачыць ім, што такое правы чалавека. Бо часам у інтэрнэт-дыскусіях
з удзелам пісьменьнікаў узровень ксэнафобіі проста зашкальвае.
Іх стаўленьне да меншасьцяў (самых розных) выглядае нецывілізаваным.