Сёння ў Смалявічах - грамадскія слуханні па Беларуска-кітайскаму індустрыяльнаму парку
Жыхары накіравалі свае заўвагі і прапановы ў райвыканкам.
Першы ўказ прэзідэнта пра беларуска-кітайскі тэхнапарк, не прадугледжваў гарантый на правы ўласнасці. Але адрэдагаваны і падпісаны ўказ вызначыў гарантыі ўласнікам.
Прадстаўнікі кампаніі "Гавары праўду", якія дапамагаюць дачнікам у Смалявічах адстойваць свае правы, мяркуюць, што з увядзеннем індустрыяльнага парку ў эксплуатацыю, зямля ў гэтым раёне стане непрывабнай, людзі будуць масава прадаваць яе і з'язджаць.
Аднак улады пераконваюць у адваротным. На сайце Смалявіцкага райвыканкама адзначаецца: "За 2012 праз аўкцыёны Драчкоўскага сельвыканкама прададзена 15 зямельных участкаў для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў, з пачатку 2013 - 7. Па звестках сельвыканкама ў 2012 годзе ў межах размяшчэння Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку зарэгістравалася па месцы жыхарства ў населеныя пункты больш за 30 жыхароў г. Мінска. У той жа час за мінулы год прададзена толькі 14 дачных участкаў, размешчаных на тэрыторыі Драчкоўскага сельсавета. За 2012 - 2013 год кадастравы кошт зямельных участкаў не змяніўся".
Мясцовыя жыхары выкарысталі ўсе законныя метады, каб адстаяць свае правы: звярталіся з ініцыятывай аб правядзенні мясцовага рэферэндума, вылучалі свайго кандыдата на парламенцкіх выбарах. Учора прадстаўнікі 8 садаводчых таварыстваў накіравалі ў райвыканкам прапановы і заўвагі на чатырох лістах, пад якімі падпісаліся 463 чалавекі.
Грамадскія слуханні адбудуцца сёння, у 15.00, у Доме культуры.