Віцебскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу Сяргея Каваленкі
Рашэнне Першамайскага райсуду, якое спрабаваў абскардзіць віцебскі актывіст КХП БНФ, засталося без зменаў – Сяргей Каваленка мусіць выплаціць 1 мільён штрафу, прысуджанага яму за дробнае хуліганства.
І падчас працэсу 26 сакавіка ў Першамайскім райсудзе Віцебску, і ў абласным судзе Каваленка спрабаваў давесці сваю невінаватасць. Але суддзя абласнога суду Ірына Смалякова падтрымала рашэнне суддзі Першамайскага райсуду Валянціны Кісмярошкінай. Судом былі без пярэчанняў прынятыя факты, выкладзеныя ў міліцэйскіх пратаколах. Там гаварылася, што Каваленка ішоў па праезжай частцы вуліцы 2-ая Прадольная. Парушэнне правілаў дарожнага руху заўважыў міліцэйскі патруль, які пад'ехаў на машыне і зрабіў заўвагу. Але Сяргей Каваленка ў нецэнзурнай форме нібыта адмовіўся сысці на ходнік.
Актывіст казаў у судзе, што пасля снегападу на гэтай вуліцы не было відаць ходнікаў. І ў добрае надвор'е ходнікі можна заўважыць толькі з аднаго боку дарогі. Яшчэ адна былая прэтэнзія міліцыянтаў – адсутнасць флікера. Але на тэрыторыі горада іх мець пры сабе не абавязкова.
Тым не менш, за парушэнне правілаў дарожнага руху, зафіксаванае ў міліцэйскіх пратаколах, інспекцыя выканання пакаранняў Першамайскага раёну 16 красавіка абвясціла Сяргею Каваленку папярэджанне. Актывіст знаходзіцца на прафілактычным уліку пасля вызвалення з Магілёўскай калоніі №19 у верасні мінулага году. І цяпер, калі абласны суд адхіліў ягоную скаргу, цалкам верагоднае і другое папярэджанне – ужо за дробнае хуліганства, факт якога Каваленка катэгарычна адмаўляе. А пасля трэцяга папярэджання да яго могуць ужыць прэвентыўны нагляд, які абмяжоўвае свабоду ў перасоўваннях і выкарыстані вольнага часу.
На думку Сяргея Каваленкі, міліцэйскія структуры імкнуцца абмежаваць ягоную асабістую свабоду. І такое ўжо было летась, калі актывіста абвінавацілі ў парушэннях рэжыму адбывання пакарання – хатняй "хіміі", прысуджанай за вывешаны на навагодняй елцы бел-чырвона-белы сцяг. Паводле ініцыятывы інспекцыі выканання пакаранняў яго прыцягнулі да суду, і актывісту прысудзілі 2 гады і 1 месяц зняволення ў калоніі, адкуль ён выйшаў пасля памілавання ў верасні мінулага году.