Міліцыя апытвае суседзяў кіраўніка слонімскай суполкі БХД
Супрацоўнікі Слонімскага РАУС пачалі апытваць суседзяў кіраўніка слонімскай суполкі БХД Івана Бедкі. Пра гэта яны паведамілі асабіста спадару Івану. Міліцыянеры, па словах гараджан, пыталіся ў іх, ці шмат народу збіраецца ў хаце Івана Бедкі на вуліцы Пушкіна, ці крычаць яны, ці п’юць гарэлку і г.д. Пасля размоваў супрацоўнікі міліцыі складаюць пратаколы апытання і даюць іх на подпіс жыхарам вуліцы Пушкіна. Міліцыянеры проста кажуць: “Распішыцеся… і ўсё!”.
Па словах Івана Бедкі, міліцыянеры збіраюць на яго “дасье”. “Яны хочуць мяне аштрафаваць ці наогул, забараніць у маёй хаце збірацца сябрам мясцовага згуртавання дэмакратычных сіл. Справа ў тым, што нам нідзе ў Слоніме ў апошнія гады не даюць памяшкання на сустрэчы, таму зрэдзь часу мы збіраемся ў маёй хаце. Вось гэта і стала прычынай такога апытанне суседзяў. Хаця ўсе суседзі сказалі, што ў маёй хаце няма ніякіх п’янак, а збіраюцца толькі культурныя і інтэлігентныя людзі. Але што там пісалі ў пратаколах міліцыянеры – я не ведаю”, -- сказаў Іван Бедка.